Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя лічаць даклад Дзярждэпартамэнту ЗША "неаб''ектыўным"


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі буйных беларускіх канфэсіяў па-рознаму ацэньваюць даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе рэлігіяў у Беларусі. Прадстаўнік праваслаўнай царквы лічыць гэтую справаздачу несправядлівай і неаб’ектыўнай. Каталікі, наадварот, мяркуюць, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША мае рацыю ў сваіх ацэнках.

Штогадовы даклад Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі аб стане свабоды рэлігіяў у сьвеце выклікаў вялікі рэзананс сярод прадстаўнікоў розных рэлігійных канфэсіяў Беларусі. Гаворыць супрацоўнік Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы па сувязях з грамадзкасьцю архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

(Шынкевіч: ) “Мы заўсёды лічым, што адносіны Дзярждэпартамэнту да Беларусі прадузятыя і неаб’ектыўныя. І мы ведаем, хто рыхтуе гэтыя матэрыялы. І мы памятаем, калі прымаўся закон “Аб свабодзе веравызнаньня”, які ціск быў зроблены на ўлады нашай рэспублікі і потым на царкву. Але калі закон быў прыняты, мы самі ўбачылі тое, што ён зусім не адрозьніваецца, а нават больш глыбокі й зьмястоўны, чым законы заходнеэўрапейскіх краінаў і ЗША. Пэўна ж, ёсьць некаторыя праблемы і цяжкасьці, але я лічу, што нашая дзяржава павінна адстойваць свае духоўныя і нацыянальныя інтарэсы”.

У курыі Менска-Магілёўскай каталіцкай дыяцэзіі камэнтаваць справаздачу Дзярждэпартамэнту адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што зь ёй яшчэ не азнаёміліся. А вось меркаваньне супрацоўніка каталіцкага выдавецтва “Рro Christo” Міколы Гракава:

(Гракаў: ) “Працэс рэстытуцыі ідзе вельмі марудна. Мяне, як каталіка, гэта ня можа задавальняць. Я сам належу да парафіі, якой яе сьвятыня не належыць у поўным аб’ёме. А адносна перасьледу пратэстанцкіх грамадаў, я проста падтрымліваю нашага манаха-дамініканіна Пятра Рудкоўскага, які выказаўся пра гэта на старонках прэсы. Гаворка ішла пра атэістычны рэванш. Ён бачыць у гэтым сымптом таго, што чыноўнікі ўвогуле баяцца рэлігіі яшчэ з савецкіх часоў. Уціск пачаўся з пратэстанцкіх супольнасьцяў, але, напэўна, гэта проста праява гэтай неталерантнасьці — увогуле да рэлігіяў і рэлігійных супольнасьцяў”.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША нямала месца нададзена лёсу супольнасьці крышнаітаў, якім беларускія ўлады адмовілі ў рэгістрацыі. Даклад камэнтуе прадстаўнік менскай суполкі крышнаітаў па сувязях з грамадзкасьцю Сяргей Малахоўскі:

(Малахоўскі: ) “Што тычыцца нашых рэлігійных арганізацыяў, абшчынаў сьвядомасьці Крышны, то тут напісана, я б сказаў, мякка і мала. Мы ад гэтай дзяржавы, акрамя несправядлівасьці, нічога ня бачылі. І тое, што дзяржава ў сваёй рэлігійнай палітыцы робіць ухіл на тое, каб разьвіваўся толькі адзін рэлігійны кірунак, не прывядзе ні да чаго добрага. У выніку гэта прывядзе да нейкага выбуху”.

Гл.таксама • Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае рэлігійную дыскрымінацыю ў Беларусі (поўны тэкст) • У Беларусі вітаюць даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе рэлігіяў • Станіслаў Буко абвяргае крытыку Дзярждэпартамэнту ЗША • Vox Populi: Ці ёсьць у Беларусі свабода веравызнаньня?
XS
SM
MD
LG