Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы вайсковец усынавіў двух дзяцей, перамог у судзе


Любоў Лунёва, Менск Былы вайсковец Сяргей Карасьцялёў пачаў весьці дзіцячы спартовы гурток, каб сабраць грошы на лячэньне жонкі, якая доўга не магла зацяжарыць. Аднак пасьля родаў яна трапіла ў дэструктыўную сэкту і забрала дачку. Сяргей спачатку ўсынавіў 8-гадовага хлопчыка, а праз 10 гадоў ўзяў на выхаваньне яшчэ аднаго маленькага, які жыў з сабакамі на вакзале і быў сапраўдным беларускім Маўглі. У дом нечакана прыйшла бяда – спачатку Сяргей трапіў у анкалягічны шпіталь на апэрацыю, а як толькі выпісаўся, яго абвінавацілі ў хабарніцтве. Суд пакараў бацьку двух дзяцей пазбаўленьнем волі на шэсьць гадоў. Але ўчора гарадзкі суд зьняў абвінавачаньні зь Сяргея Карасьцялёва.

Сяргей Карасьцялёў служыў у знакамітай на ўвесь Савецкі Саюз 5-й брыгадзе спэцназу ў Мар’інай Горцы. Яму давялося ваяваць на баку Армэніі ў часе Карабахскага канфлікту. Былі і іншыя камандзіроўкі. Пасьля дэмабілізацыі Сяргей працаваў то целаахоўнікам, то ахоўнікам у казыно. Ён зьбіраў грошы на лячэньне жонкі, каб тая змагла зацяжарыць. Пасьля родаў жанчына трапіла ў дэструктыўную сэкту і кінула мужа. Дачку яна забрала з сабой.

Сяргей кажа, што ўвесь час памятаў словы жонкі, што яму не давераць дзяцей. У 1995-м ён узяў хлопчыка Сяргея, які цяпер вучыцца на другім курсе недзяржаўнага інстытуту. Калі яму споўнілася 18 гадоў, у газэце прачыталі пра праграму ўсынаўленьня. Сын сам прапанаваў узяць яшчэ аднаго хлопчыка. Пайшлі ў дзіцячы дом і ўзялі 6-гадовага Ўладзіслава. Ведалі, што маленькі жыў разам з сабакамі на вакзале і па-сутнасьці не размаўляў. Цяпер ён ходзіць у другую клясу звычайнай школы. Уладзя, як і ўсе дзеці, любіць гуляць.

(Уладзя: ) “Я люблю на кампутары гуляць, на прыстаўцы, на ровары катацца… Люблю маляваць… Люблю салодкае – гэта торт.”

Сёлета ў красавіку Сяргею Карасьцялёву зрабілі складаную апэрацыю ў анкалягічным шпіталі. Калі ён выйшаў са шпіталя, быў абвінавачаны ў хабарніцтве. Сяргей лічыць, што насамрэч спрабавалі скампрамэтаваць новае кіраўніцтва заводу. Паводле прысуду Ленінскага суду Сяргей мусіў шэсьць гадоў правесьці за кратамі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

(Карасьцялёў: ) “Першае, што я адчуў – усё адыходзіць… Пасьля “зоны” у мяне нічога няма. Сабака вось. Мы яго ўзялі яшчэ з вайсковага гарадка, інвалід, лапы зламаныя, не хадзіў… Мы ж яго вылечылі, паставілі на ногі. Што такое 5 гадоў?… Зараз Ўладзіку 9 гадоў, а праз 5 будзе 14. Што ён будзе памятаць?! У мяне адбылася пераацэнка каштоўнасьцяў.”

Усе сябры Сяргея, прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня, супрацоўнікі заводу вельмі непакоіліся за лёс сям’і. Пасьля судовага прысуду шмат хто страціў надзею на тое, што вышэйшыя інстанцыі здымуць зь Сяргея абвінавачаньні. Сяргей знайшоў для маленькага хлопчыка месца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Вестка аб тым, што Сяргея вызвалілі ад адказнасьці, выклікала шмат эмоцый. Калі бацька прыйшоў дамоў, ён сказаў дзецям: “Будзем распакоўваць рэчы.”
XS
SM
MD
LG