Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаіць за тэрактамі ў гатэлях Аману?


Сяргей Шупа, Прага У выніку выбухаў, якія адбыліся ў сераду ўвечары ў трох гатэлях ярданскай сталіцы Аману, як найменей 57 чалавек загінула і больш за 100 былі параненыя. За апошнія гады гэта найбуйнейшы тэракт у Ярданіі – адным з найбліжэйшых саюзьнікаў Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе. На адным з вэбсайтаў зьявілася заява, дзе адказнасьць за выбухі ўзяў на сябе ірацкі аддзел Аль-Каіды пад кіраўніцтвам ярданца Абу Мусаба аз-Заркаўі.

Вынікі трох блізкіх у часе выбухаў уяўлялі сабою жахлівае відовішча. Адзін з выбухаў адбыўся ў гатэлі Radisson SAS, дзе вялікая група ярданцаў гуляла вясельле:

(Аль-Халед: ) “Шмат людзей паранена, і з маёй сям''і, і зь сям''і маёй жонкі таксама. Сам я страціў бацьку, цесьця і некалькі сяброў. У майго сябра забітыя маці й бацька. Страшна падумаць, што сёньня адбылося”.

Сказаў адразу пасьля выбуху малады, Ашраф аль-Халед.

Яшчэ дзьве бомбы выбухнулі ў гатэлях Grand Hyatt і Days Inn. Усе тры шыкоўныя гатэлі звычайна абслугоўваюць замежнікаў, аднак папулярныя і сярод ярданцаў. У Радысане часта спыняюцца турысты зь Ізраілю.

Паводле папярэдніх зьвестак, бальшыня ахвяраў гэтых тэрактаў – ярданцы.

Віцэ-прэм''ер Ярданіі Марван Муашэр падазрае ў выкананьні выбухаў тэрарыстаў-самагубцаў:

(Муашэр: ) “Мы ня ведаем, чаму гэта было зроблена. Ясна, што чалавек, які падрывае сябе ў вясельнай залі, не жадае нічога ні добрага гэтай краіне ні яе людзям”.

На адным з экстрэмісцкіх вэбсайтаў зьявілася заява, у якой адказнасьць за выбухі ўзяў на сябе ірацкі аддзел Аль-Каіды пад кіраўніцтвам Абу Мусаба аз-Заркаўі. Аднак аўтэнтычнасьць заявы пакуль што не пацьверджаная.

Для некаторых экспэртаў выбухі ў Амане не былі нечаканасьцю. Вось меркаваньне Ніла Кўільяма, рэгіянальнага экспэрта лёнданскай кансультацыйнай групы Control Risks:

(Кўільям: ) “У Ярданіі было даволі ціха, і гэта пры доўгай агульнай мяжы зь Іракам. Аднак гэтым тэрактам няма чаго дзівіцца. Мірнае пагадненьне Ярданіі зь Ізраілем выклікала варожую рэакцыю пэўнай часткі насельніцтва. А саюзныя дачыненьні ярданскага ўраду са Злучанымі Штатамі і ўскосная падтрымка вайны ў Іраку, асабліва на яе раньніх стадыях – усё гэта зрабіла Ярданію прыступнай для нападаў”.

Экспэрт зазначае, што ў Ярданіі жыве вялікая колькасьць заходніх бізнэсоўцаў, якія ўяўляюць сабою неабароненыя жывыя мішэні для экстрэмістаў.
XS
SM
MD
LG