Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі на народныя сродкі ўстанавілі помнік хірургу


Казімер Яноўскі, Гомель Уладзімер Чэшык — заслужаны лекар Беларусі. Гэта першы выпадак на Гомельшчыне, калі падобным чынам увечнілі імя і справы высокапрафэсійнага чалавека з галіны мэдыцыны. У гарадах да гэтага часу пераважаюць помнікі бальшавіцкім правадырам.

Бюст знакамітага хірурга Ўладзімера Чэшыка зь белага мармуру ўстаноўлены на тэрыторыі абласнога спэцыялізаванага клінічнага шпіталю, больш вядомага гамельчукам як тубэркулёзны шпіталь. На мармуровым пастамэнце пад імем “Чэшык Уладзімер Георгіевіч” напісана па-лацінску: “Што мог, я зрабіў”.

Бюст лекару выраблены на народныя сродкі, якія сабралі таварыства хірургаў, сябры, удзячныя пацыенты, калектыў шпіталю, дзе доктар працаваў амаль сорак гадоў. Пра высокія прафэсійныя якасьці Ўладзімера Чэшыка апавёў галоўны хірург вобласьці Пётра Гарнастай:

(Гарнастай: ) “Ён быў выдатным агульным хірургам, але ён быў яшчэ і пачынальнікам таракальнай хірургіі ў Беларусі. Ня ў Гомельскай вобласьці, а менавіта ў Беларусі. Уладзімер Чэшык першы — падкрэсьліваю, першы — у былым Савецкім Саюзе зрабіў і апісаў плястыку трахеі”.

Адмыслоўцы мэдыцыны сьцьвярджаюць, што ў Беларусі да гэтага часу няма такой мэдычнай установы, дзе былі б сканцэнтраваны пульманалёгія, таракальная, сасудзістая хірургія, фтызіятрыя. Уладзімер Чэшык гэта зрабіў у спэцыялізаваным шпіталі, які ён ачольваў амаль тры дзесяцігодзьдзі.

Галоўны хірург рэгіёну спадар Гарнастай лічыць, што ў краіне маўчаць пра сваіх нацыянальных знакамітасьцяў, асабліва ў практычных галінах:

(Гарнастай: ) “Нацыянальная ідэя, незалежная дзяржава... Мы кажам пра гэта, але робім мала. Напрыклад, у мэдунівэрсытэце прымаем экзамэны па хірургіі. У білетах сустракаюцца і пытаньні пра ролю ў мэдыцыне вялікіх расейскіх хірургаў — Юдзіна ды іншых. Канечне, яны былі вялікімі. Аднак у нас, у Беларусі, сваіх выдатных людзей у хірургіі багата. Я ўжо казаў: чаму б не напісаць пра ролю ў хірургіі таго ж Чэшыка, хірургаў Шоды, Аўдзея, Дзятлава? Іх няма ў білетах”.

Суразмоўца спадзяецца, што з адкрыцьцём бюста Ўладзімера Чэшыка будзе закладзена традыцыя ўшанаваньня выдатных беларускіх адмыслоўцаў. Пакуль жа ў Гомелі налічваецца ажно 19 помнікаў ды бюстаў Леніну. Імёнамі бальшавіцкіх правадыроў названа большасьць цэнтральных вуліцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG