Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўнікаў у Бэльгіі прыехалі беларусы з Францыі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Падтрымаць беларускіх палітычных ўцекачоў, што пазаўчора пачалі галадоўку ў цэнтры Брусэля з патрабаваньнем вызваліць палітзьняволеных у Беларусі і стварыць міжнародную камісію для расьсьледаваньня справаў зьніклых палітыкаў, сёньня прыехалі некалькі беларусаў з Францыі. Галадоўнікі вырашылі таксама дадаць да сваіх патрабаваньняў яшчэ адзін пункт.

Паводле аднаго з галадоўнікаў, Дзяніса, акцыя працягнецца прынамсі да канца сёньняшняга дня:

(Дзяніс: ) “Так, мы ўжо на месцы – вырашылі працягваць галадоўку, бо да нас прыехалі беларусы з Францыі, Бэльгіі”.

Ўвечары будзе вырашана, ці не зрабіць перапынак у галадоўцы да панядзелка, бо з такой просьбай да галадоўнікаў зьвярнуліся прадстаўнікі бэльгійскіх уладаў – заўтра на пляцы Шумана адбудзецца фэст з нагоды нацыянальнага сьвята Бэльгіі.

Між тым Ігар Лазарчук зь Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня кажа, што галадоўнікі вырашылі дадаць да сваіх патрабаваньняў яшчэ адзін пункт – забараніць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу для чыноўнікаў мясцовых уладаў, якія перасьледуюць апазыцыю, грамадзкія арганізацыі і незалежныя мэдыі.

(Лазарчук: ) “Гэта мясцовыя чыноўнікі зь Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай вобласьці. Сьпіс створаны беларускімі ўцекачамі зь Нямеччыны, Францыі, Бэльгіі, якія ўносілі ў яго канкрэтныя імёны чыноўнікаў, міліцыянтаў, судзьдзяў, АМОНаўцаў са свайго рэгіёну”.

Патрабаваньні галадоўнікаў былі сёньня перададзеныя ў офіс віцэ-сьпікера Эўрапарлямэнту Януша Анышкевіча. Гаворыць асыстэнт спадара Анышкевіча Янка Чурыловіч.

(Чурыловіч: ) “Усе патрабаваньні будуць разгледжаныя з належнай павагай і хутчэй за ўсё, будуць агучаныя ў Эўрапарлямэнце. Мы перадамо іх іншым дэпутатам і сьпікеру”.

Між тым паліцыя не дазваляе сустрэцца зь лідэрам Беларускага-эўрапейскага задзіночаньня Зьмітром Піменавым, які ўжо трэці дзень знаходзіцца ў брусэльскім пастарунку.

Аркадзь Васілеўскі зь беларускай грамады Бэльгіі тлумачыць, што паводле бэльгійскіх законаў, паліцыянты маюць права не дазваляць сустрэчы зь ім цягам пяці дзён, бо маюць на гэта дазвол пракурора.

(Васілеўскі: ) “Дакладна праз пяць дзён будзе дазволеная сустрэча, і тады ж адбудзецца суд, які вырашыць, вызваліць яго ці пакінуць за кратамі яшчэ на месяц”.

Паліцыя тлумачыць, што затрыманьне Зьмітра Піменава не зьвязанае зь ягоным удзелам ў беларускай акцыі, але зь тым што ён нелегальна знаходзіцца ў Бэльгіі.

Як нам удалося высьветліць, пяць гадоў таму ён быў пакараны месячным арыштам за бойку ў лягеры ўцекачоў, аднак пасьля гэтага бэльгійскія ўлады далі яму дазвол на часовае знаходжаньне ў краіне, тэрмін дзеяньня якога пэрыядычна працягваўся, і на дадзены момант Піменаў знаходзіцца ў Бэльгіі легальна.

Аркадзь Васілеўскі, Ігар Лазарчук, а таксама бэльгійскі адвакат, якія займаюцца справай Зьмітра Піменава, лічаць, што гэта, хутчэй за ўсё, вынік непаразуменьня паміж паліцыяй і ўправай ў справах эміграцыі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG