Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч у Маскве меў сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца зь візытам у Маскве. Паводле зьвестак са штабу Мілінкевіча, ён меў сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, а таксама правёў шэраг іншых сустрэчаў.

Палітычна-азнаямляльным назвалі сёньняшні візыт у Маскву кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ў ягоным перадвыбарчым штабе. Разам зь Мілінкевічам у Маскве знаходзіцца кіраўнік ягонага перадвыбарчага штабу Сяргей Калякін. Паводле кіраўніка прэсавай групы штабу Сяргея Вазьняка, зьвесткі пра знаходжаньне Аляксандра Мілінкевіча ў Маскве пакуль самыя агульныя.

(Вазьняк: ) “Так, яны там знаходзяцца. Узровень прыёму — адміністрацыя прэзыдэнта. Пэрсанальна з кім сустракаюцца, колькі часу — мы сапраўды яшчэ ня ведаем. Там цяпер якраз адбываюцца гэтыя сустрэчы. Паездка мае азнаямляльны характар, характар палітычнага зандажу. Усе камэнтары будуць толькі заўтра, калі яны вярнуцца”.

Сяргей Вазьняк не адказаў на пытаньне пра ініцыятара візыту ў Маскву, але адзначыў, што існуе ўзаемная зацікаўленасьць у гэтай паездцы.

(Вазьняк: ) “Яны зацікаўленыя ўбачыць, што гэта за аб’яднаная апазыцыя, наколькі адпавядае рэчаіснасьці міт пра яе антырасейскі характар ды іншае”.

Паводле расейскіх крыніцаў, у першай палове дня Аляксандар Мілінкевіч наведаў Дзяржаўную думу Расеі і правёў там шэраг сустрэчаў. Плянуецца, што ў Менск Аляксандар Мілінкевіч і Сяргей Калякін вернуцца раніцай 11 лістапада цягніком з Масквы.

Гэта другая замежная паездка Аляксандра Мілінкевіча ў якасьці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. У кастрычніку Аляксандар Мілінкевіч наведаў сталіцу Чэхіі Прагу, дзе сустракаўся з былым прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам і ўплывовымі дэпутатамі чэскага парлямэнту.
XS
SM
MD
LG