Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная газэта “Прессбол” – зноў у судзе


Ігар Карней, Менск У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд пазову былой галоўнай бухгальтаркі Дзяржаўнай вучэльні алімпійскай рэзэрвы Сьвятланы Рамановіч да спартовай газэты “Прессбол”. Падстава — артыкул супрацоўніцы рэдакцыі, у мінулым славутай біятляністкі Сьвятланы Парамыгінай пад назвай “Весткі з палёў”. На думку бугальтарскага работніка, матэрыял закрануў яе гонар і годнасьць, хоць прозьвішча самой Рамановіч у артыкуле нават ня згадвалася. Тым ня менш, Сьвятлана Рамановіч патрабуе ад газэты матэрыяльнай кампэнсацыі на 14,5 мільёна рублёў. Месяц таму, у часе папярэдняй размовы, да міравога пагадненьня бакі не прыйшлі.

Сьвятлана Рамановіч не адмаўляецца ад ранейшых прэтэнзіяў да рэдакцыі і настойвае на ранейшай суме матэрыяльнай кампэнсацыі — 14,5 мільёна рублёў. Аўтарка спрэчнага артыкулу Сьвятлана Парамыгіна, у сваю чаргу, перакананая: у тэксьце няма ніводнага слова, да якога можна было б “прычапіцца”, паколькі сытуацыя выкладзеная “вельмі тактоўна”.

(Парамыгіна: ) “Самае цікавае толькі пачынаецца. Хоць, праўда, Рамановіч ужо выступала, і ня ведаю, што суд урэшце вырашыць. Таму тэлефануйце ўжо пасьля заканчэньня працэсу, прычым, лепей нават ня мне, а Беражкову”.

Дарэчы, яшчэ да пачатку суду рэдактар выданьня Ўладзімер Беражкоў не выключаў, што за пазовам стаіць ня простая бухгальтарка, а людзі, “значна вышэйшыя ў гэтай ярархіі”.

Вядомая біятляністка Сьвятлана Парамыгіна, якая ад 2002 году працуе ў “Прессболе” карэспандэнткай, сёлета ў жніўні наведала Дзяржаўную вучэльню алімпійскай рэзэрвы. Адной з падставаў стала вымова прызначанага тады новым міністрам спорту і турызму Аляксандра Грыгарава кіраўніку вучэльні Мікалаю Ананьневу — у мінулым таксама міністру. Грыгараў палічыў, што рашэньне Ананьнева аб звальненьні галоўнай бухгальтаркі Сьвятланы Рамановіч неабгрунтаванае і супрацьзаконнае.

У прычынах канфлікту паспрабавала разабрацца карэспандэнтка “Прессбола” Сьвятлана Парамыгіна. Яна пагутарыла з супрацоўнікамі вучэльні і ў артыкуле “Весткі з палёў” працытавала выказваньні наконт таго, што, маўляў, кваліфікацыя Рамановіч ніяк не адпавядала ейнаму статусу. Паказальна, што прозьвішча звольненай фінансісткі ў матэрыяле нават ня згадвалася, аднак жанчына пакрыўдзілася і на аўтарку артыкулу, і на выданьне. Зь яе гледзішча, надрукаваны тэкст прынёс ёй маральных стратаў на суму 14,5 мільёну рублёў (у эквіваленце каля 7 тысяч даляраў). Кіраўніцтва рэдакцыі адкідае ўсялякія абвінавачаньні і лічыць, што газэта разабралася ў спрэчнай сытуацыі аб’ектыўна. Пасьля першага дня высьвятленьня адносінаў кожны бок застаўся пры сваім меркаваньні.

Павoдле рашэньня суду ўсё таго ж Цэнтральнага раёну Менску газэта “Прессбол” ужо выплачвае кампэнсацыю маральных стратаў міністру фінансаў, кіраўніку Фэдэрацыі гімнастыкі Мікалаю Корбуту. Рэдакцыя мусіць пералічыць Корбуту 30 мільёнаў рублёў, а галоўны рэдактар выданьня Ўладзімер Беражкоў — 10 мільёнаў. Дзеля выкананьня гэтага рашэньня ў Беражкова двойчы апісвалася маёмасьць, і сярод іншага на карысьць Корбута канфіскаваныя сьвяцільнікі, пыласос і іншая бытавая электратэхніка.
XS
SM
MD
LG