Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны крыж і паўмесяц – без крыжа і без паўмесяца


Кастусь Бандарук, Прага У пачатку сьнежня сёлета ў Жэнэве зьбяруцца прадстаўнікі 192 краінаў-ўдзельніц Жэнэўскай канвэнцыі. Яны абмяркуюць пытаньне зьмены эмблемаў арганізацыяў Чырвонага крыжа і Чырвонага паўмесяца. Выявы чырвонага крыжа і чырвонага паўмесяца на белым фоне мае замяніць нэўтральны сымбаль, без аніякіх рэлігійных асацыяцыяў – чырвоны ромб-крышталь. Зьмена эмблемы дазволіць далучыцца да арганізацыі краінам, якія адкідаюць сымбалі, што асацыююцца імі з хрысьціянствам альбо з ісламам, у прыватнасьці Ізраілю.

Арганізацыя Чырвонага крыжа была заснаваная ў 1863 годзе швайцарскім філянтропам і фінансістам Генры Дюнантам. 24 чэрвеня 1859 году ён стаў сьведкам лютасьці ваенных дзеяньняў пасьля бітвы ля Сальфэрына, дзе аўстрыйская армія ўдзельнічала ў крывавай бітве з італьянскімі і францускімі сіламі. На полі бою засталіся каля 40 тысяч забітых і параненых. Усхваляваны лёсам параненых, пакінутых практычна без апекі, з дапамогай мясцовага насельніцтва Дюнант пачаў выносіць параненых і даглядаць за імі. Пасьля вяртаньня ў Жэнэву ён напісаў кнігу “Успаміны Сальфэрына” і выступіў з ініцыятывай нацыянальных Камітэтаў дапамогі параненым.

Сымбалем міжнароднай гуманітарнай арганізацыі стаў чырвоны крыж на белым фоне, фактычна, як сьцяг Швайцарыі з супрацьлеглымі колерамі. У 1864 была падпісаная Жэнэўская канвэнцыя “аб паляпшэньні лёсу параненых”. У 1949 годзе яна была дапоўненая дамовамі аб абароне розных катэгорыяў ахвяраў вайны, ваеннапалонных, параненых і цывільным насельніцтве. З часу расейска-турэцкай вайны, раўнапраўным знакам стаўся для мусульманскіх краін чырвоны паўмесяц на белым фоне”. У 1919 годзе была заснаваная Міжнародная фэдэрацыя Чырвонага крыжа і чырвонага паўмесяца.

Цяпер швайцарскі ўрад прапануе адмовіцца ад гэтых сымбаляў і замяніць яго нэўтральным знакам, без аніякіх культурных альбо рэлігійных асацыяцыяў.

“Швайцарыя як гаспадар арганізацыі хоча знайсьці рашэньне прыймальнае для ўсіх”, – заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве прадстаўнік Міністэрства замежных справаў краіны Ларс Кнухэль.

Прадстаўніца Чырвонага крыжа і чырвонага паўмесяца Антанэлла Натары адзначыла, што нэўтральны сымбаль можа быць добрай ідэяй у выпадку такіх міжканфэсыйных краінаў як Эрытрэя. У гэтай краіне, дзе жывуць і хрысьціяне, і мусульмане доўгі час вядзецца дыскусія на гэты конт.

Зьмену сымболікі вітаў ў прыватнасьці Ізраіль, дзе сымбалем дабрачыннай арганізацыі Магэн Давід Адом зьяўляецца чырвоная зорка Давіда. З прычыны сымболікі з пачатку свайго існаваньня Ізраіль не зьяўляецца паўнапраўным сябрам Міжнароднага Чырвонага крыжа і чырвонага паўмесяца, а ўсяго толькі назіральнікам.

Улічваючы той факт, што некаторыя краіны не захочуць адмовіцца ад традыцыйных эмблемаў, кіраўніцтва Фэдэрацыі Міжнароднага чырвонага крыжа і чырвонага паўмесяца прапануе кампрамісны варыянт. Крыж, паўмесяц альбо зорка Давіда могуць далей ўжывацца ў асобных краінах, аднак яны павінны быць ўпісаныя ў агульную для ўсіх эмблему – чырвоны крышталь у форме ромба.
XS
SM
MD
LG