Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як разумела сьмерць шляхта Вялікага Княства Літоўскага


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 10 лістапада) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Выраз “добрая сьмерць” падаецца сучаснаму чалавеку парадаксальным. Сьмерць — гэта заўсёды зло. Гэта катастрофа, якая хаваецца недзе ў цемры хаосу, якой, насамрэч, быць не павінна, якой можна пазьбегнуць, калі весьці правільны лад жыцьця, ужываць вітаміны і своечасова наведваць лекараў. Мне здаецца, менавіта так успрымае сьмерць большасьць людзей у гэтак званым цывілізаваным сьвеце. А як разумелі сьмерць у час барока, чым яна была для шляхты ВКЛ, калі выраз “добрая сьмерць” быў папулярны?”

(Вацлаў Арэшка: ) “Сапраўды, сёньня сьмерць стала хутчэй катастрофай, чым натуральнай зьявай. Мы ўвесь час заплюшчваем вочы на існаваньне сьмерці, хаваемся ад яе і хаваем яе ад сваёй культуры. А значыцца — не рыхтуемся да сьмерці. Але для чалавека 17—18 стагодзьдзяў сьмерць была зьяваю звычайнаю. Яна была няўхільнай і заўсёды блізкай — памерці можна было ў кожным узросьце, у кожны час. Таму падрыхтоўка да сьмерці ўваходзіла, па-сучаснаму кажучы, у праграмы адукацыі і выхаваньня. Добрая сьмерць — гэта сьмерць пачцівага чалавека, правільная сьмерць, як гэтага патрабавалі хрысьціянства і агульнапрынятыя кодэксы маралі й гонару”.

(Ракіцкі: ) “Гэткім чынам, для чалавека пачцівага сьмерць, напэўна, была і пазбаўленьнем ад пакутаў душы і цела, пераходам да шчасьлівай вечнасьці…”

(Арэшка: ) “Сапраўды так. І для таго, каб правільна паміраць, яшчэ з часу антычнасьці існавалі “ars moriendi”, падручнікі па “Навуцы прыгатаваньня да шчасьлівай і пабожнай сьмерці”. Літаратурныя, эпісталярныя і мэмуарныя помнікі эпохі “залатой шляхецкай вольнасьці” поўныя апавяданьняў пра “добрую сьмерць”. Адно зь яскравых і падрабязных пакінуў гетман літоўскі Міхал Казімер Радзівіл пра скананьне сваёй першай жонкі Францішкі Ўршулі:

“А сёмай дзяцей паблаславiла, i я зь ёю разьвiтаўся, яна пры поўнай рэфлексii была да астатняга моманту, загадала ксяндзу Мархоцкаму, езуiце, што дасі знаць, калi канаць будзе; крыж, які, нам, княству ардынатам Нясьвiскiм ад цяперашняга айца сьвятога дадзены на момант сьмерці, калі сьвет гэты пакідаць будзем, пазнала i пры iм, казаўшы даць ёй грамнiцу, сама пры скананьнi рукi паднесла, вымавiўшы “Езус, Марыя!”. Богу па-анёльску духа аддала, як праўдзiвая хрысьцiянка, мяне пакiнуўшы на тым падоле плачу ў вялікім смутку...”

(Ракіцкі: ) “Хіба толькі на сямейным ложку адыходзіла ў вечнасьць беларуская шляхта?”

(Арэшка: ) “Вядома, для шляхты, як вайсковага саслоўя, прыкладам добрай сьмерці заўсёды была сьмерць на поле бітвы. Першым выразам, які вучыў з лаціны шляхецкі хлопчык, звычайна быў: “Dulce et decorum est pro patria mori” (“Прыгожай і ганаровай ёсьць сьмерць за айчыну”). Прыклады гераічнай гібелі ваяроў розных эпох і народаў натхнялі шляхціца да спаўненьня абавязку добра памерці, змагаючыся з ворагамі. У гісторыі Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай таксама не было недахопу ў гераічных чынах. Абарона Крамля ў кампаніі Ілжэдзімітрыя, абарона Збаража ў часы казацкіх войнаў, бітва пад Воршай, Грунвальд, бітва пад Рацлавіцамі…

Тыповым быў, напрыклад, адказ гетмана Жаўкеўскага на прапанову аддаць яму лепшага каня, які б вынес яго з поля бою з туркамі: “Калі мяне ня знойдзеце, дык шукайце сярод палеглых, а не сярод тых, якія ўцякалі”. Вобразы добрай шляхецкай сьмерці луналі над безыменнымі стваральнікамі шляхецкага фальклёру і над вялікімі паэтамі.

Па камандзе Бога шыхтуюсь як трэба. Шэраг пакіну толькі крокам у неба. За вольнасьць гіну, веры не пакіну. Такі мой газард, —

Сьпявалі, ідучы пад Слонімам у бой з грэнадэрамі Суворава барскія канфэдэраты”.

(Ракіцкі: ) “А Адам Міцкевіч, які добра ведаў традыцыі, стварыў незабыўны вобраз добрай шляхецкай сьмерці ў вершы “Сьмерць палкоўніка”:

Kazał konia Pułkownik kulbaczyć, Konia w kaźdej sławnego potrzebie; Chce go jeszcze przed śmiercią obaczyć, Kazał przywieść do izby — do siebie. Kazał przynieść swoj mundur strzelecki, Swoj kordelas i pas, i ładunki; Stary żołnierz — on chce, jak Czarniecki, Umierając swe żegnać rysztunki”.

У такую гераічную эпоху, калі жаўнер рыхтаваўся да таго, каб у кожную хвіліну разьвітацца з жыцьцём, напэўна, быў бы папулярны які-небудзь Марат Казей, як падарваў сябе разам з ворагамі?”

(Арэшка: ) “Але ў такім выпадку, думаю — не. Забіць сябе, зьдзейсьніць самазабойства, нават дзеля таго, каб зьнішчыць ворагаў, не лічылася добраю справаю. Знакаміты Валадыёўскі з раману “Агнём і мячом” Сянкевіча, сапраўдная гістарычная асоба, падарваўся разам з парахавым складам выпадкова”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, былі і прыклады “нядобрай”, “дрэннай” сьмерці? Што мелася на ўвазе ў такім разе?”

(Арэшка: ) “У любых выпадках не ўхвалялася самагубства. Гэта была “нехрысьціянская” сьмерць — чалавек ня меў права свой лёс вырашаць за Пана Бога. Немагчымасьць споўніць перадсьмяротных хрысьціянскіх абрадаў таксама заўсёды вельмі непакоіла будучых нябожчыкаў. У войску, часам, ладзілі імшу проста на маршы, не сьсядаючы з коней. Такім чынам і час не губляўся, і ваяры ішлі на сьмерць адпаведна прыгатаваныя.

Нядобрай лічылася сьмерць ад рукі ката. Але тут існавалі пэўныя градацыі. Для шляхты больш ганарова лічылася быць расстраляным альбо загінуць ад сьцінаньня галавы. Сьмерць на шыбеніцы ці на кале была агіднаю, ня годнай прыстойнага чалавека. Але, напрыклад, для казакаў у 17 стагодзьдзі скончыць жыцьцё “ўбітым на кол” уважалася за асаблівы “геройскі шык”. Дарэчы, гэты спосаб кары сапраўды быў пакутны — на хвастцы рабіўся надрэз і вастрыё кала прапускалася пад скурай уздоўж хрыбта. Чым болей чалавек варушыўся, тым вышэй падымаўся пад скураю кол. Некаторыя вытрымлівалі так да двух сутак”.

(Ракіцкі: ) “Жудасныя падрабязнасьці… Але ж падобнымі жахамі поўніцца гісторыя тых часоў. Таксама і мастацтва захаплялася вобразамі як перадсьмяротных, гэтак і замагільных пакутаў. Трупы, шкілеты, сьмерць з касою прысутнічалі як у літаратуры, гэтак і ў карцінах ці рэзьбах. Зразумела, мэтай творцаў было паказаць грэшнаму чалавеку, што няўмольна чакае яго, падкрэсьліць марнасьць жыцьцёвых уцехаў. Але ў мяне ствараецца ўражаньне, што такая колькасьць макабрычных вобразаў урэшце рабіла сьмерць нейкаю “свойскай”, зьяўлялася пэўная звычка да прысутнай побач сьмерці”.

(Арэшка: ) “Кроў, пакуты, гніеньнье былі звычайнай зьявай, асабліва ў надзвычай крывавым для Беларусі 17 стагодзьдзі. Таму мастакі і казаньнікі звычайна імкнуліся як мага больш выразна падкрэсьліць жудасны бок сьмерці, каб выклікаць у сваёй аўдыторыі найбольш эмоцыяў. Нягледзячы на большую адкрытасьць пачуцьцяў, экзальтаванасьць людзей той эпохі, стаўленьне да сьмерці нават самых блізкіх людзей было часта даволі спакойным. Як сьведчаць шматлікія мэмуары, паплакаўшы дзень-другі над любімым дзіцяткам, бацькі ўжо назаўтра пасьля паховінаў кіраваліся на паляваньне, каб разьвеяць смутак. Дзеці ўвогуле так часта паміралі ў той час, што над імі доўга не гаравалі: Бог даў, Бог і ўзяў.

Асабліва ж звычайнай сьмерць была для вайскоўцаў. Сярод іх выпрацоўвалася пэўнае панібрацтва са сьмерцю і нябожчыкамі. Яскрава піша пра гэта Ян Хрызастом Пасак у сваіх “Дзёньніках”:

“Такі сякі, палажыўшыся на траве й сьпіць. Служыў з намі Качэўскі, шэльма вялікая. Вось ён мне й кажа: “Пане Яне, чаго мусім кулак пад галаву класьці? Пакладземся замест падушкі на тым маскалі!” А ляжаў паблізу тлусты маскаль, пастрэляны. Я адказваю: “Добра, для кампаніі”. Ён тады з аднаго боку, а я зь іншага, палажылі мы галовы, ды так і заснулі, каней за цуглі да рук прыкруціўшы, і спалі гэтак гадзіны з тры. Аж калі дзень ужо зачынаўся, дык у ім штосьці так грудукнула, што мы абодва падскочылі. Падобна, заставалася там яшчэ трохі духу”.

(Ракіцкі: ) “А ці не атрымлівалася так у выніку, што чалавек ужо й ня надта баяўся тае сьмерці, бо ўвесь час жыў як бы ў яе прысутнасьці? Ці заставаўся страх сьмерці моцным чыньнікам у тым жа рэлігійным выхаваньні?”

(Арэшка: ) “Для большасьці людзей, на маю думку, біялягічная, так бы мовіць, боязь сьмерці была такою ж натуральнаю, як і для сёньняшняга чалавека, як і, дарэчы, для жывёлаў. Больш за саму сьмерць чалавек эпохі барока баяўся пасьмяротнай кары — вечных пякельных пакутаў, баяўся памерці “няправільна”, стаць “неўпакоеным духам”. Як гэта ні парадаксальна, але менавіта цьвёрдая вера ў вечнае жыцьцё пасьля сьмерці рабіла для многіх сьмерць такой страшнай. Макабрычныя вобразы сьмерці і пекла павінны былі ўвесь час нагадваць пра маральнасьць, пра неабходнасьць жыць пачціва. Людзі баяліся зграшыць. І, тым ня менш, грашылі, напэўна, як і цяпер”.

(Ракіцкі: ) “Магчыма, уяўленьні пра грэх у розныя эпохі былі трошкі рознымі. Але гэта ўжо іншая тэма... Такім чынам, баяўся чалавек сьмерці ці пекла, грэшны быў ці праведны, бедны ці багаты — канец усё адно для ўсіх быў адзіны?”

(Арэшка: ) “Так, сьмерць усіх рабіла роўнымі. І гэта таксама адна зь любімых тэмаў сармацкага барока. Вершы ці сэнтэнцыі альбо малюнкі на гэтую тэму немагчыма пералічыць. Вось як пісала ў 18 стагодзьдзі паэтка і аўтарка шматлікіх п’есаў Францішка Ўршуля Радзівілава, пра добрую сьмерць якой мы, дарэчы, згадвалі:

Усясьветную веліч, радзьмутую пыху Сьмерць пускае на глум, надышоўшы паціху: Мерцьвякі й цішыня на вякі!.. Ці ты моцны ўладар, ці прыніжаны лёкай — У зямліцы ляжы й не галёкай, Покуль цела грызуць чарвякі!”

(Ракіцкі: ) “Сьмерць, страх перад ёю і пытаньне: а што потым? Гэта тое, што прысутнічае ва ўсіх вяках, ва ўсіх культурах. Мне здаецца, праз вывучэньне стаўленьня да такіх вечных зьяваў мы маем больш магчымасьцяў наблізіцца да разуменьня іншых людзей, ці нашых продкаў, усьвядоміць сваю сувязь зь імі”.

(Арэшка: ) “Не магу з гэтым не пагадзіцца. Дадаў бы яшчэ, што памяць пра памерлых, пра сваіх дзядоў дае нам адчуваньне свайго месца ў гісторыі, у часе. Дарэчы, стаўленьне да сьмерці, да памерлых, да магілаў і ў найноўшай гісторыі шмат што гаворыць пра стан цывілізацыі і грамадзкай маралі. Мільёны забітых ці памерлых, схаваных у невядомых ямінах, занядбаныя могілкі і вялізарныя помнікі катам… Гэта таксама наша спадчына і частка нашай мэнтальнасьці”.
XS
SM
MD
LG