Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапяць да чытача газэты, на якія нельга падпісацца на 2006 год?


Алесь Дашчынскі, Менск Тры незалежныя газэты — “Народная Воля”, “Салідарнасьць” і “Згода” — ня ўключаныя прадпрыемствам “Белпошта” у падпісны каталёг на 2006 год. З гэтай прычыны выданьні будуць пазбаўленыя магчымасьці распаўсюду празь дзяржаўную сыстэму. Якія захады робяць гэтыя газэты, каб выжыць і застацца ў інфармацыйным полі?

Самая крытычная сытуацыя цяпер у “Народнай Волі”, якой не бяруць на распаўсюд шапікі “Белсаюздруку”, а з новага году чытачы ня змогуць атрымаць яе праз падпіску.

Апроч іншага, газэта вымушана цяпер друкавацца за межамі Беларусі, у Смаленску. Пакуль рэдакцыя спрабуе праз суд аднавіць ранейшы распаўсюд і выданьне. Ад 17 лістапада мусіць пачацца судовая справа з друкарняй і “Белсаюздрукам”, а сёньня пададзены пазоў да “Белпошты”. Паводле шэф-рэдактара Сьвятланы Калінкінай, гэта спроба юрыдычнымі мэтадамі прымусіць дзяржаўныя ўстановы выконваць ранейшыя дамовы.

(Калінкіна: ) “Але надзеі, шчыра кажучы, на гэта асабіста ў мяне няма, таму цяпер мы праводзім кансультацыі ў стварэньні незалежнай сыстэмы распаўсюду. Зрабіць мы гэта хочам ня толькі ў Менску, а і ў буйных гарадах. Цяпер з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, проста з энтузіястамі мы праводзім такія перамовы і высьвятляем, які наклад такім чынам мы самі зможам распаўсюдзіць”.

Разам з “БДГ”, газэтамі “Салідарнасьць” і “Згода”, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі, “Народная Воля” ня можа стварыць агульнай сыстэмы альтэрнатыўнага распаўсюду. Хаця гэта было б эканамічна і больш зручна. Раней такія захады незалежнымі мэдыямі рабіліся, але безвынікова. Чаму?

(Калінкіна: ) “Таму што на гэта трэба атрымаць ліцэнзію ў дзяржавы. І мы разумеем, што такой ліцэнзіі мы не атрымаем. У Беларусі застаецца некалькі камэрцыйных фірмаў, але ў іх дзейнасьці ёсьць адна ўмова: яны не займаюцца распаўсюдам грамадзка-палітычных выданьняў”.

Газэта “Згода” пакуль распаўсюджваецца праз шапікі “Белпошты”, а таксама “Белсаюздруку” (акрамя Менску, дзе адмысловая дамова скасавана гэтай установай раней). З наступнага году ў “Згоды” таксама ня будзе магчымасьці карыстацца паслугамі “Белпошты”. Якім чынам выданьне дойдзе да чытача? Тлумачыць галоўны рэдактар Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Асноўную частку мы ўжо даўно пераводзім на ўласны распаўсюд. Тыраж газэты 5 тысяч 50 экзэмпляраў. Ёсьць свае распаўсюднікі — і раздаюць яе па дваццаці гарадах, як інфармацыйнае выданьне без аплаты ці з частковай аплатай. Улада сваімі мерамі выціскае нас на самвыдат, на самараспаўсюд і на падпольнае выданьне. Загадзя расчышчаецца інфармацыйнае поле ад газэтаў, якія могуць даць аб’ектыўную інфармацыю падчас перадвыбарчай кампаніі. Гэта як бы крок да ліквідацыі абсалютнай, да забароны”.

Акрамя таго, сёньня спадар Кароль атрымаў ліст з Савецкага суду Менску аб тым, што ён мусіць да 15 лістапада сплаціць штраф 2 мільёны 550 тысяч. Гэта пакараньне за распаўсюд інфармацыі, якая, паводле суду, зьневажае гонар і годнасьць прэзыдэнта. Такі ж штраф, нагадаем, прызначаны і рэдактару “Згоды” Аляксандру Зьдзьвіжкову.

Газэта “Салідарнасьць” ня мае магчымасьці распаўсюду праз шапікі “Белпошты”, а з пачатку новага году яна ня трапіць да чытачоў і праз падпіску. Паводле галоўнага рэдактара Аляксандра Старыкевіча, пакуль рэдакцыя працуе ў ранейшым рэжыме. Але варыянты разьвіцьця падзеяў могуць быць розныя.

(Старыкевіч: ) “Мы кансультуемся з калегамі, каб выпрацаваць нейкія захады, якія дазволяць працягнуць працу ў тым ці іншым рэжыме і пасьля новага году. Аднак на сёньняшні дзень нейкія канкрэтныя рашэньні яшчэ не прынятыя”.
XS
SM
MD
LG