Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ўлады баяцца распаўсюду незалежных мэдыяў?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Барацьба беларускіх уладаў зь незалежнымі мэдыямі мае доўгую гісторыю і сталы характар. Кіроўны рэжым пасьлядоўна выціскае незалежную прэсу з інфармацыйнай прасторы Беларусі. Чарговымі ахвярамі рэпрэсіяў сталі газэты “Народная Воля” і “Салідарнасьць”. Спачатку “Народную Волю” забаранілі друкаваць у Беларусі і прадаваць у шапіках “Саюздруку”. І вось чарговы крок — забарона на падпіску “Народнай Волі” і “Салідарнасьці” наступным годам.

Газэта “Народная Воля” у пэўным сэнсе лічыцца сымбалем незалежных мэдыяў. Афіцыйныя прадстаўнікі неаднаразова пахваляліся: маўляў, вось глядзіце — у нас свабодна выдаецца і распаўсюджваецца галоўная апазыцыйная газэта. І вось цяпер улады замахнуліся на сымбаль”.

(Сьвятлана Калінкіна: ) “Я думаю, што невыпадкова забарона пачынаецца з 2006 году. Актыўны наступ на нашу газэту пачаўся з 1 кастрычніка сёлета. У гэты дзень пачаў працу Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім абіраўся адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі. Налета адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Самім фактам балятаваньня на трэці тэрмін спадар Лукашэнка даказаў, што ніякія рамкі, чыньнікі стрымліваньня для яго не існуюць. Таму не існуе і табу на тое, каб рабіць крокі, якія будуць абураць людзей. У выніку пайшоў наступ на апошнія незалежныя газэты, якія засталіся. Усё гэта ідзе ў адным рэчышчы. Бо, як мы ведаем, аснова палітычных тэхналёгіяў — гэта інфармацыя”.

(Эдуард Мельнікаў: ) “Прычыны гэтай зьявы тыя ж, якія былі і тры-чатыры гады таму, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году пачаўся новы этап наступу на незалежныя мэдыі. Дзесьці тры-чатыры гады таму ў Беларусі акрамя “Народнай Волі” было дзесьці каля 50 газэт, якія аб’ектыўна, неангажавана асьвятлялі падзеі ў Беларусі. За гэты час іх колькасьць скарацілася. Дзе цяпер “Местная газета” у Ваўкавыску? Дзе “Новая газета Сморгони”? Дзе “Курьер из Борисова”? Усе яны таксама зачыненыя з надуманых прычынаў. А рэпрэсіі супраць “Народнай Волі” (сапраўды, сымбалю) — гэта амаль поўнае завяршэньне гэтага працэсу.

Чым гэта ўсё патлумачыць? Уся лёгіка дзеяньняў уладаў апошнімі гадамі — усё большае аддаленьне ад прававой прасторы. І калі зь яе выпадаеш, то якая розьніца, як далёка? Навошта сіла права, калі ўсё дыктуе права сілы? Калі міністар культуры выкідвае ў Воршы з раённай ці гарадзкой бібліятэкі “Белорусскую деловую газету” і “Народную Волю”, то як гэта патлумачыць? Гэта ўсё неправавыя мэтады. Можна задаць пытаньне: ці гэта нелегальныя, падпольныя газэты? Яны ж маюць дзяржаўнае пасьведчаньне, такое ж, як “Советская Белоруссия” і “Народная газета”. Гэта дыскрымінацыйныя меры, гэта зьнішчэньне. Гэта зачыстка інфармацыйнай прасторы”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што наклад “Народнай Волі” і “Салідарнасьці” невялікі, чытае іх у асноўным дэмакратычная публіка. Таму, здавалася б, іх палітычны ўплыў невялікі. Ён амаль не выходзіць за межы, так бы мовіць, “дэмакратычнага гета”. А скандальны рэзананс ад гэтага даволі вялікі. Можна меркаваць, што мінусаў для ўлады ад гэтых дзеяньняў нават больш, чым плюсаў. Тым ня менш, улады пайшлі на гэты скандал. Чаму?”

(Калінкіна: ) “Найперш, я не магу пагадзіцца з тым, што наклад газэт невялікі. Наклад “Народнай Волі” — 30 тысяч асобнікаў штодзённа, выходзіць пяць разоў на тыдзень: як вынік, атрымліваецца 150 тысяч асобнікаў на тыдзень. Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што ў кожнай незалежнай газэты не адзін чытач. Газэты выпісваюць і купляюць на цэлыя вёскі, пад’езды, фірмы, на некалькі сем’яў. Нам вельмі прыемна, што паводле зьвестак сацыёлягаў у сярэднім асобнік “Народнай Волі” чытаюць 7—10 чалавек. Такім чынам, мы можам казаць, што рэальна наклад аднаго нумару нашай газэты — каля 300 тысяч асобнікаў. А гэта больш, чым ва ўрадавай газэты “Рэспубліка”.

Але справа нават і не ў накладах. А справа ў тым, што незалежныя мэдыі — гэта адзіная сыстэмная апазыцыя, якая створаная ў Беларусі да 2001 году і захоўваецца да сёньняшняга дня. Таму менавіта асноўны наступ улады робяць на мэдыі, нягледзячы на міжнародныя абавязацельствы, якія мае дзяржава, на пільную ўвагу да сытуацыі ў Беларусі з боку міжнародных арганізацыяў.

Цяпер працэс зьнішчэньня незалежных мэдыяў завяршаецца. Таму што, калі ў краіне будзе заставацца сыстэмная апазыцыя ў выглядзе прэсы, то трэці тэрмін Лукашэнкі нічым добрым не закончыцца.Ён проста не дасядзіць на сваёй пасадзе апошнія пяць гадоў. Таму і ідзе гэтае зьнішчэньне”.

(Мельнікаў: ) “Я згадваю прамову расейскага пісьменьніка Салжаніцына падчас атрыманьня Нобэлеўскай прэміі. Ён сказаў: “Калі нехта выбірае гвалт сваім прынцыпам, то абавязкова выбера хлусьню сваім мэтадам. Гвалту няма чым прыкрыцца, акрамя хлусьні”. І гэта вельмі слушна для цяперашняй беларускай сытуацыі. Мы ведаем, што робіцца ў палітычнай сфэры. Дзеяньні ўладаў — далёка за межамі Канстытуцыі і законаў. Таму трэба зрабіць так, каб ніхто ня ведаў, што насамрэч робіцца ў краіне.

Вы сказалі, што аўдыторыя “Народнай Волі” і іншых незалежных газэтаў — гэта дэмакратычная публіка. Гэта не зусім так. Калі мы з спадарыняй Калінкінай працавалі ў “Белорусской деловой газете”, то праведзеныя сацыялягічныя дасьледаваньні паказалі, што найбольш буйнымі калектыўнымі падпісчыкамі былі якраз адміністрацыя прэзыдэнта, урад, іншыя структуры ўлады.

Чыноўнікі хочуць карыстацца якаснымі прадуктамі — ад харчовых тавараў, аўтамабіляў да інфармацыі. Яны хочуць ведаць, што насамрэч робіцца ў краіне. Ці яны даведаюцца пра гэта зь дзяржаўных мэдыяў? Ніколі. Менавіта незалежныя мэдыі — крыніца інфармацыі аб рэальных падзеях у краіне. Таму ўлада сама сабе робіць шкодную рэч, калі зачыняе апошнюю фортку, празь якую можна адчуць, што робіцца ў Беларусі, грамадзкай сьвядомасьці. Таму ў дзеяньнях уладаў дзейнічае лёгіка, альгарытм самазьнішчэньня”.

(Карбалевіч: ) “Магчыма, Лукашэнка баіцца, што чынавенства будзе атрымліваць незалежную інфармацыю. І гэта для яго небясьпечна. Ці ёсьць нейкі выхад з гэтай сытуацыі? Ці магчыма знайсьці альтэрнатыўныя захады? Ці можна арганізаваць сыстэму незалежнага распаўсюду газэтаў? Вось, напрыклад, “БДГ” у такой сытуацыі знаходзіцца прыкладна два гады. Асабіста я атрымліваю газэту ў сваю хатнюю паштовую скрынку. Што можна рабіць у такіх умовах, калі ні падпісацца, ні купіць газэты ў шапіку немагчыма?”

(Калінкіна: ) “Калі казаць пра досьвед існаваньня ва ўмовах забароны продажу і распаўсюду празь дзяржаўныя структуры “Белорусской деловой газеты”, то трэба адзначыць наступнае. Вы падпісаліся не ў незалежных распаўсюднікаў, а ў самой рэдакцыі. Паводле беларускага заканадаўства, кожная рэдакцыя можа стварыць сваю сыстэму кур’ераў, арганізаваць падпіску і разносіць газэты падпісчыкам. І досьвед гэтай газэты даказвае, што такім чынам сіламі рэдакцыі можна распаўсюдзіць 3—5 тысяч асобнікаў, у асноўным у Менску. Гэта дае магчымасьць нейкага існаваньня. Але значнага ўплыву газэта мець ня будзе.

Трэба зразумець, што будаваць газэту як бізнэс, як клясычнае прадпрыемства ў Беларусі ў цяперашніх умовах проста глупства. Трэба думаць пра выданьне масавай газэты вялікім накладам, якая будзе распаўсюджвацца валянтэрамі, сябрамі партыяў, грамадзкіх арганізацыяў па ўсёй краіне, на вуліцах, кідацца ў паштовыя скрыні і г.д. Такі адказ будзе адэкватны тым захадам, якія робяцца ў дачыненьні да нас уладамі. Усё астатняе гэта, на мой погляд, проста спроба захаваць працоўнае месца”.

(Мельнікаў: ) “Канечне, выйсьце ёсьць. Гэта толькі ўлады могуць думаць, што выйсьця няма, што іх дзеяньні ўсталёўваюць кантроль над сытуацыяй у краіне. Гэта ня так. Калі людзей выштурхоўваюць з прававой прасторы, то нейкія радыкальныя элемэнты могуць пайсьці на нелегальны выпуск нейкіх друкаваных выданьняў. Калі неправавыя мэтады ўжываюцца ўладамі, то яе апанэнты будуць рабіць тое самае. Калі газэты будуць распаўсюджваць валянтэры, то гэта добры сродак для таго, каб усё больш людзей уцягваць у палітычны працэс. І вынік гэтых дзеяньняў для ўладаў будзе адваротны. Цяпер распаўсюд “Народнай Волі” і іншых напалову забароненых газэт будзе палітычным учынкам. І такіх людзей усё больш. Ужо цяпер за распаўсюд “Народнай Волі” людзей затрымліваюць.

Тым больш у ХХІ стагодзьдзі толькі дзікуны могуць думаць, што можна зачыніць інфармацыйную прастору краіны ў цэнтры Эўропы. А інтэрнэт? Гэта ўжо не зачыніш увогуле. Тым больш, што насельніцтва прагне аб’ектыўнай незалежнай інфармацыі. Таму сваімі дзеяньнямі ўлады паскараюць нейкія радыкальныя працэсы ў краіне, якія рана ці позна прывядуць да якасна іншага выніку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, забарона на падпіску “Народнай Волі” і “Салідарнасьці” на наступны год — гэта чарговы крок на шляху палітычнай зачысткі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Замах на “Народную Волю”, якая, у пэўным сэнсе, лічыцца сымбалем незалежных мэдыяў, азначае пераход да новага этапу ў эвалюцыі беларускага аўтарытарызму. Улады настойліва і пасьлядоўна імкнуцца зьнішчыць незалежныя крыніцы інфармацыі, не зьвяртаючы ўвагі на незадавальненьне беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці, міжнароднай супольнасьці. І гэта, трэба меркаваць, не апошні крок на гэтым шляху.

Але ў выніку дзеяньняў уладаў можа ўзьнікнуць іншая сытуацыя. Калі дасюль “Народная Воля” трапляла ў асноўным да палітызаваных грамадзянаў, то распаўсюд яе з дапамогаю валянтэраў прывядзе да таго, што газэта трапіць да непалітызаванай публікі. І такім чынам гэтыя рэпрэсіі могуць даць адваротны эфэкт”.
XS
SM
MD
LG