Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чатыры гады таму АМОН штурмаваў лягер абаронцаў Курапатаў (фота)


Ганна Соусь, Менск Чатыры гады таму, 8 лістапада, АМОН пачаў штурм лягеру абаронцаў Курапатаў. Амаль два месяцы моладзь супраціўлялася пашырэньню Менскай кальцавой дарогі праз мэмарыял. Дзесяткі абаронцаў Курапатаў былі затрыманыя і зьбітыя. Як склаліся лёсы гэтых людзей? Якую ролю ў іх жыцьці адыграла тое змаганьне?

(Міліцыянт: ) “Вядуцца будаўнічыя работы. За невыкананьне законных патрабаваньняў работнікаў міліцыі прадугледжаная адміністратыўная і крымінальная адказнасьць”.

Гэта фрагмэнт з майго “курапацкага” рэпартажу ад 8 лістапада 2001 году, калі міліцыянты гвалтоўным чынам спрабавалі разагнаць лягер абаронцаў урочышча. Адзін з ініцыятараў вахты памяці і галоўны удзельнік тых падзеяў, колішні лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец дагэтуль дэталёва памятае тыя падзеі...

(Севярынец: ) “Людзі выйшлі на дарогу, перагарадзіўшы яе, стаўшы і гукаючы “Жыве Беларусь!” Натуральна, улады прымянілі сілу. АМОН праламаў шэраг. Я добра памятаю, як пасьля разгону абаронцаў і бурэньня намёту быў проста адчай, але я таксама добра памятаю, як некалькі чалавек, сабраўшыся ў лесе, вырашылі стаяць да канца: “Аднаўляем намёт, аднаўляем варту, аднаўляем крыжы!” І ўсю ноч мы пілавалі і зьбівалі гэтыя крыжы. Я памятаю, якім шокам было для АМОНаўцаў і будаўнікоў зьяўленьне крыжоў за тую ноч. Зь першым сьвітанкам на Курапатах ізноў крыжы. Для мяне самога гэта адно з самых моцных уражаньняў за ўсё жыцьцё”.

Павал згадвае тыя далёкія падзеі пасьля цяжкага працоўнага дня на лесапілцы ў вёсцы Малая Сітна ў некалькіх кілямэтрах ад расейскай мяжы. Тут ён адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году.

Аднаму зь цяперашніх лідэраў руху “Зубар” Мікіту Сасіму ў лістападзе 2001 году было 17 гадоў. Ён амаль штодня прыяжджаў ва ўрочышча на электрычцы з Баранавічаў. Аднак увечары 8 лістапада апынуўся ў іншым месцы.

(Сасім: ) “Убачыў усё гэта па тэлевізары. Мяне клічуць: “Ідзі, там Курапаты паказваюць!” А я ім адказваю: “Што я Курапатаў ня бачыў? Кожны дзень там”. Потым пачуў з дынаміка тэлевізара крыкі: “Жыве Беларусь!” і зразумеў: адбываецца нешта сур’ёзнае, і адразу ж паехаў туды. На наступны дзень, калі сабралася шмат народу, я ўвесь час ужо быў там. Бліжэй да вечара мяне затрымалі. Атмасфэра там была тады, як на вайне, насамрэч”.

Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо бараніў крыж, які ён пастаў па сваім рэпрэсаваным дзеду. Праз чатыры гады я размаўляю са спадаром Уладзімерам, стоячы на тым жа самым месцы ля кальцавой дарогі, дзе яго зьбівалі амонаўцы.

(Юхо: ) “Я ўсталёўваў у 2001 годзе ўкрыжаваньне Хрыста. Яго зьнесьлі АМОНаўцы і людзі ў цывільным невядома куды. Тады было зьнішчана больш за 100 крыжоў. На другі дзень 9 лістапада я тут быў ізноў, усталяваў яшчэ адзін крыж і не даваў яго засыпаць. Ён так і застаўся пад дарожнымі адхіламі”.

Уладзімер Юхо паказвае мне крыж на ўваходзе ва ўрочышча , які сёлета ўсталяваў у Курапатах ужо ягоны ўнук па сваім рэпрэсаваным прадзедзе...

Гэткія песьні гучалі 8 лістапада ў падтрымку абаронцаў Курапатаў. Больш за паўсотні чалавек тады былі аштрафаваныя. Некалькіх чалавек арыштавалі.

Для многіх вахта памяці ў Курапатах ў стала ў пэўным сэнсе лёсавызначальнай. Так, рабочы аднаго з менскіх аўтобусных паркаў Васіль Парфянкоў упершыню трапіў у Курапаты 9 лістапада, пасьля таго, як пабачыў тэлевізійны сюжэт. Ён стаў адным з самых актыўных абаронцаў Курапатаў і быў там да самага заканчэньня абароны ўрочышча -- 3 чэрвеня 2002 году. Летась увосень Васіль Парфянкоў паехаў у Кіеў на Майдан Незалежнасьці, каб падтрымаць Аранжавую рэвалюцыю. Пазнаёміўся там зь дзяўчынай і застаўся жыць ва Ўкраіне.

Яшчэ адзін з абаронцаў Курапатаў Зьміцер Захарэвіч пайшоў пасьля заканчэньня вахты памяці служыць у беларускае войска.

(Захарэвіч: ) “Я служу ў войску Рэспублікі Беларусь. І нічога антыбеларускага мы не рабілі. Можа быць, супраць рэжыму, які зараз існуе. Але пакуль я на шэўроне нашу “Рэспубліка Беларусь”, што б са мной не адбывалася, але ў мяне напісана “Рэспубліка Беларусь”.

Абаронца Курапатаў Цімох Атрошчанкаў зараз заканчвае Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі і паралельна працуе ў камэрцыйнай фірме. (Атрошчанкаў: ) “Той момант, калі бульдозэры пайшлі засыпаць пяском крыжы, чамусьці дагэтуль узгадваецца… Кіраўніцтва апазыцыі тады дзейнічала вельмі нерашуча. Таму мы ўвесь час сумняваліся, ці будзе яно нас падтрымліваць, ці ўвогуле гэта патрэбна каму-небудзь, акрамя нас... Такія сумневы былі заўжды, увесь час”.

(Каця Карпенка: ) “Як яны маглі гэта зрабіць? Як у іх сумленьня хапіла гэта зрабіць? Няўжо яны не разумеюць, што тут людзі пахаваныя?..”

Гэтак плакала ўвечары 8 лістапада 2001 году абаронца Курапатаў гамяльчанка Каця Карпенка. У вельмі складаных і неспрыяльных умовах у валанцёрскім намёце жылі і дзяўчыны. Разам з хлопцамі, нягледзячы на холад, голад і бытавую неўладкаванасьць, Курапаты баранілі Ірына Вяткіна і Стася Басава, Арына Шыкурава і Алена Жук ды іншыя. Людміле Паклонскай восеньню 2001 году было 18 гадоў. Пасьля многіх месяцаў вахты памяці ў яе засталіся супярэчлівыя ўражаньні.

(Паклонская: ) “Я бачыла, што ёсьць яшчэ людзі, гатовыя ахвяраваць сваім жыцьцём, сваім вольным часам, кар’ерай сапраўды за Беларусь. Аднак калі раней я неяк успрымала ўсе гэтыя палітычныя гульні зусім па-дзіцячы, то пасьля гэтых падзеяў мне проста абламалі крылы і я бачу, як усё гэта сапраўды адбываецца”.

Людміла Паклонская зараз вучыцца ў каледжы сувязі а таксама, каб зарабіць сабе на жыцьцё, працуе гандляркай на Ракаўскім кірмашы. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасьці арганізацыі “Маладыя сацыял-дэмакраты”. А сяброўка Людмілы па курапацкай вахце “маладафронтаўка” Стася Басава 3 лістапада стала маці – нарадзіла дачку…

Лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі зьвяртае ўвагу на тое, што курапацкі чын пачаўся літаральна праз некалькі дзён пасьля гэтак званай “элегантнай” перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

(Высоцкі: ) “Пачатак Курапацкага чыну – гэта была дастаткова стыхійная рэч. На той час быў такі, я бы сказаў, пік адчуваньня сваёй моцы. Было адчуваньне нейкай несправядлівасьці, нелягічнасьці, і гэтая энэргія, энэргетыка адбілася на курапацкім чыне. Гэтая восень ішла на хвалі такога неверагоднага ўздыму. Моладзь давала свой адказ рэчаіснасьці”.

З таго часу мінула чатыры гады. Пра васьмімесячную вахту памяці ва ўрочышчы вонкава нагадвае толькі падстаўка пад бел-чырвона-белы сьцяг насупраць крыжа “Пакутнікам Беларусі”, абпаленыя сасновыя галінкі ў месцы, дзе калісьці стаяў намёт валанцёраў, і крыжы ля адхілаў пашыранай менскай кальцавой дарогі. Але засталіся і ўспаміны людзей, праз чые лёсы назаўсёды прайшла дарога на Курапаты.

Фотарэпартаж









Зьнешнія спасылкі: • Мартыралёг -- архіўныя здымкі з Курапатаў
XS
SM
MD
LG