Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграмаў паляпшэньня якасьці шмат, але праблема якасьці застаецца


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – Усясьветны дзень якасьці. Ён адзначаецца з 1989 году па ініцыятыве буйнейшых міжнародных арганізацыяў па стандартызацыі і якасьці пры падтрымцы ААН. Якое месца тэма якасьці займае ў жыцьці беларускага грамадзтва?

У Беларусі ўрадам зацьверджана Дзяржаўная праграма “Якасьць”. Як вынікае зь яе мэтаў, праграма ськіраваная на стварэньне ўмоваў, якія б забясьпечвалі павышэньне экспартных магчымасьцяў беларускіх таваравытворцаў і напаўненьне рынку якаснай прадукцыяй. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам распрацавана шмат дробных праграмаў, займацца якімі абавязаны ня толькі ўсе міністэрствы, камітэты ды канцэрны, а нават асобныя рэгіёны, пэўныя гарады. Мяркуецца, што вырашэнью праблемаў якасьці актыўна садзейнічае цяперашняя юрыдычная база – два законы, шэраг нарматыўных актаў, напрыклад, пра аўтамабільныя перавозкі, пра інфармаваньне спажыўцоў аб утрыманьні генэтычна мадыфікаваных кампанентаў у харчаваньні і гэтак далей. Паводле афіцыйных асобаў, дзякуючы такому дзяржаўнаму клопату, якасьць беларускай прадукцыі імкліва паляпшаецца. Так лічыць, напрыклад, старшыня Камітэту па стандартызацыі і сэртыфікацыі пры Савеце Міністраў Валеры Карашкоў:

(Карашкоў: ) “У рамках праграмы “Якасьць” праводзіцца шэраг конкурсаў. Мы завяршылі і падвялі вынікі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынках Расейскай Фэдэрацыі”. 61 наша прадпрыемства стала ляўрэатамі. Мы ўсё больш і больш будзем ганарыцца нашымі беларускімі таварамі, іх якасьцю”.

Між тым, калі казаць пра тавары масавага попыту, то праблема якасьці ўсё яшчэ застаецца вострай. Пра гэта сьведчыць дзейнасьць суполак грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў”, якія штодзённа сутыкаюцца з праблемамі якасьці. Паводле старшыні рэспубліканскай арганізацыі Ганны Сушы, у абаронцаў правоў спажыўцоў працы хоць адбаўляй. Пра гэта ж сьведчыць і дзейнасьць рэгіянальных суполак. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем падзяліўся кіраўнік бабруйскай арганізацыі Мікалай Сяліцкі:

(Сяліцкі: ) “Зваротаў вельмі шмат па пытаньні няякасных тавараў. Абутак, курткі, паслугі, мэбля. Людзям дапамагаем вярнуць грошы за няякасныя тавары. Ёсьць факты. Патрэбна такая структура і падтрымка з боку дзяржавы. Каб дзяржава падтрымлівала такія структуры”.

Паводле спэцыялістаў, якасьць тавараў мала залежыць ад зьместу ці колькасьці праграмаў, кшталту “Якасьці”, чым і занята вялікая колькасьць чыноўнікаў дзяржапарату. Паляпшэньню якасьці, на іхную думку, у рынкавай эканоміцы спрыяе найперш здаровая канкурэнцыя. Калі тавар не разьмяркоўваецца ці навязваецца спажыўцу, а спажывец выбірае яго. Між тым, у Беларусі ў гэтай справе ўсё яшчэ шырока выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. У выніку тыя ж сельскагападарчыя прадпрыемствы мусяць набываць, скажам, гомельскія камбайны, а не аналягічную прадукцыю польскіх ці нямецкіх вытворцаў сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Пра тое, што беларуская прадукцыя мае праблемы зь якасьцю, сьведчыць іх экспарт у тую ж Расею. Вось што зазначыў на гэты конт вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Усе ведаюць, што за першае паўгодзьдзе гэтага году ў фізычным аб’ёме таваразварот зьменшыўся дзесьці працэнтаў на 15. Паменшыўся наш экспарт у Расею таксама працэнтаў на 10-15. Напрыклад, паменшыўся экспарт нашых грузавікоў, трактароў і гэтак далей. Гэта такі працэс стратнасьці канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў ідзе ўжо некалькі гадоў. Я назіраў за гэтым працэсам цягам 2001-2004 г.г. І я бачу, што страты ад зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці склалі ў 2004 годзе 600 мільёнаў даляраў у параўнаньні з 2001 годам”.
XS
SM
MD
LG