Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Федэрацыя прафсаюзаў палічыла, што ўказ прэзідэнта можа азмрочыць дзецям навагоднія сьвяты


Іна Студзінская, Менск Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі накіравала ва ўрад і ў прэзыдэнцкую адміністрацыю свае прапановы па ўнясеньні зьмяненьняў ва Ўказ прэзыдэнта пра бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу. Указ № 300, як вядома, падпісаны яшчэ 1 ліпеня. На дакумэнт адрэагавалі яшчэ летам недзяржаўныя арганізацыі, шматлікія фонды, нават Эўразьвяз выказаў заклапочанасьць. Чым указ закрануў Федэрацыю і якіх зьменаў яна дабіваецца?

Ліст у адміністрацыю са сваімі прапановамі ФПБ даслаў крыху раней, прыкладна месяц таму. Гэта высьветлілася выпадкова. На пачатку кастрычніка ў адміністрацыю прэзыдэнта з аналягічнымі просьбамі зьвярнуўся старшыня незалежнага прафсаюзу Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Юры Швец. І вельмі хутка атрымаў адказ: ягоны ліст разам з прапановамі ФПБ накіраваны ў Міністэрства эканомікі для распрацоўкі далейшых нарматыўна-прававых актаў. А вось прэс-служба абвесьціла пра незадаволенасьць Указам толькі цяпер.

ФПБ заклікае адпаведныя структуры "не рабіць пасьпешных высноваў і пісьменна падыйсьці да рэалізацыі і кантролю ўказу", бо дакумэнт можа "нэгатыўна адбіцца на працы прафсаюзаў".

А што канкрэтна не задавальняе Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі? Прэсавы сакратар ФПБ Ірына Каганец аказалася нешматслоўнай і накіравала карэспандэнта Радыё Свабода чытаць іхны Інтэрнэт-сайт.

(Каганец: ) "Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі з моманту прыняцьця гэтага Ўказу вядзе працу ў адпаведнасьці з заканадаўствам па ўнясеньні зьменаў і прапановаў. Ёсьць адпаведны парадак прасоўваньня нарматыўных актаў у адпаведныя структуры”.

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце калі ласка, а канкрэтна -- з чым нязгодныя прафсаюзы?.."

(Каганец: ) "Усё, што мы хацелі сказаць, мы сказалі ў прэс-рэлізе, які зараз знаходзіцца на нашым сайце. Усё астатняе мы будзем гаварыць пасьля таго, як нашы прапановы будуць разгледжаныя. Да пабачэньня".

Працытую прэс-рэліз ФПБ: "Сацыяльная партнэрства, на прынцыпах якога сёньня пабудаваныя адносіны ўраду, прафсаюзаў, наймальнікаў -- гэта не бязвыплатная спонсарская дапамога". Матэрыяльная дапамога сябрам прафсаюзу таксама не зьяўляецца спонсарскай, а выплачваецца з унёскаў. ФПБ таксама апасаецца, што дзеяньне ўказу можа сарваць навагоднія сьвяты для дзяцей, перашкодзіць правядзеньню спартыўна-масавай работы ў краіне. Бо ў генэральным пагадненьні запісана: для гэтых мэтаў можа ісьці ня менш за 0,15% ад фонду зарплаты.

Былая адказная супрацоўніца ФПБ Валянціна Палевікова перакананая -- так шыкоўна жыць і існаваць афіцыйныя прафсаюзы толькі на ўнёскі і мізэрныя адлічэньні з фонду зарплаты ня могуць. Дый ня так даўно старшыня ФПБ Леанід Козік абураўся, што ўсе ўнёскі ідуць толькі на зарплаты штатным прафсаюзным функцыянэрам, і наконт гэтага прынятая пастанова прэзыдыюму. Але зусім нядаўна, да прыкладу, у будынку ФПБ на праспэкце Пераможцаў зрабілі шыкоўны эўрарамонт, з былой спартовай базы "Ураджай" у Ждановічах, дзе раней трэніраваліся школьнікі, зрабілі шыкоўную базу адпачынку -- натуральна, ужо не для дзетак... Не сакрэт, што афіцыйныя прафсаюзы заўсёды атрымлівалі і дзяржаўную падтрымку, і менавіта спонсарскую дапамогу -- на адныя ўнёскі так жыць немагчыма. А таму, калі ФПБ ўважліва вывучыла Указ № 300, мяркуе Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Напэўна, яны ўсё гэта прааналізавалі і вырашылі, што гэта іх у першую чаргу тычыцца. Такое будаўніцтва, так шыкоўна жыць не атрымліваецца на ўнёскі. І таму, напэўна, яны залямантавалі, што гэта іх тычыцца таксама. Адназначна: прайшоў такі шыкоўны рамонт, базы рамантуюцца, санаторы - калі так танна прымаць людзей у сваіх санаторах, так трэба ж зноў, каб хтосьці дапамагаў, трэба, каб і спонсары былі. Таму, напэўна, яны ўсё прааналізавалі і цяпер пачалі прадпрымаць штосьці. А раней, калі гэта было агучана, я ўпэўненая, што ўсё падумалі: гэта тычыцца толькі апазыцыі, гэта палітычны момант. А на самой справе, перад законам усе роўныя".

Прапановы ФПБ накіраваныя ва ўрад і Міністэрства эканомікі. Застаецца пачакаць, ці адтрымаюць прэфэрэнцыі ад дзяржавы афіцыйныя прафсаюзы. Бо менавіта ФПБ, разам з моладзьдзю, пэнсіянэрамі, жанчынамі назваў Лукашэнка сваёй апорай.
XS
SM
MD
LG