Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ўзмацняецца ідэалягічная "работа" ў ВНУ


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці аднавілася практыка заслухоўваньня справаздачаў кіраўнікоў навучальных установаў пра стан ідэалягічнай ды культурна-масавай працы.

Пра ўзмацненьне прапаганды заявіў у сваёй справаздачы на выязным паседжаньні гарвыканкаму рэктар унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Аляксандар Рагачоў. Перад гэтым супрацоўнікі выканкаму, ідэалягічныя работнікі, кіраўнікі навучальных установаў пабывалі ў студэнцкіх інтэрнатах, маладзёвым і спартовым комплексах. У абмеркаваньні справаздачы рэктара браў удзел памочнік кіраўніка дзяржавы ў рэгіёне Віктар Шчэцька.

Начальнік ідэалягічнай управы аблвыканкаму Анатоль Каціла прапаноўваў кіраўніцтву ўнівэрсытэту ўмацоўваць пярвічную арганізацыю БРСМ, зарганізаваць радыёвяшчаньне ў студэнцкіх інтэрнатах, павялічыць падпіску на дзяржаўныя пэрыядычныя выданьні ў асяродку выкладчыкаў і студэнтаў.

Прарэктар унівэрсытэту ў пытаньнях выхаваньня студэнтаў Сяргей Ханеня паведаміў, што ўсе высновы рэктарат будзе рабіць пасьля атрыманьня пісьмовага рашэньня гарвыканкаму. Што да павелічэньня падпіскі на газэты, то спадар Ханеня мяркуе:

(Ханеня: ) “Мы ж цудоўна разумеем, што жывем у 21 стагодзьдзі. Можна ў электронным выглядзе прачытаць інфармацыю і, магчыма, нават больш апэратыўна”.

Начальніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Ганна Шыдлоўская кажа:

(Шыдлоўская: ) “Мы ва ўнівэрсытэце паглядзелі стан выхаваўчай працы, вольны час студэнтаў, гуртковую работу, культурна-масавую работу, усемагчымыя спартовыя сэкцыі. Плюсаў у іх багата”.

У сваю чаргу выпускніца ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, апазыцыйная актывісткі Марыя Багдановіч лічыць, што падвышаная ўвага ідэалягічных структураў да навучальных установаў зусім ня выпадковая:

(Багдановіч: ) “Моладзь ніколі не сымпатызавала гэтаму рэжыму. І, канечне, гэта цяпер непакоіць уладу. Зьвязана гэта з выбарамі, якія ўжо хутка будуць. Улады, відаць, спадзяюцца, што хаця б частцы моладзі яны могуць затлуміць галаву і перацягнуць на свой бок.

Мне таксама падаецца, што ёсьць і яшчэ адна мэта ў гэтага рэжыму. Паколькі ён паказвае, што добраахвотна сыходзіць ня хоча, то, відаць, і задачу ставіць адпаведную – выхаваць пакаленьне яму адданае. Як Сталін выхаваў у свой час. Таму вялікая ўвага і надаецца ідэалягічнай працы”.

Пільная ўвага надаецца і сярэднім школам. Цяпер кіраўнікі ад адукацыі моцна заклапочаны афармленьнем куткоў зь дзяржаўнай сымболікай. Такое патрабаваньне сыходзіць ад абласной ўправы адукацыі. Распачаты нават агляды-конкурсы.

Распавядае начальніца аддзелу адукацыі адміністрацыі Савецкага раёну Натальля Жгірава:

(Жгірава: ) “У кожнай клясе павінны быць герб і сьцяг. А ў школе, у фае, калі ўваходзіш у школу, трэба, каб там была дзяржаўная сымболіка. Як у чырвоным куце аформлена – герб, сьцяг і гімн”.

Галоўная спэцыялістка аддзелу адукацыі Алена Сурава ўдакладняе, як павінны выглядаць куткі з сымболікай:

(Сурава: ) “ Гэта – кут такі, як, напрыклад, у вайсковых часьцях афармляецца”.
XS
SM
MD
LG