Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатральны фэстываль распачаўся ў Гомелі


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў Гомелі распачаўся 9-ты Міжнародны фэстываль тэатральнага мастацтва “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Удзел у ім бяруць 11 тэатраў зь Беларусі, Расеі ды Ўкраіны. Гаспадары фэстываль – Гомельскі абласны драматычны тэатар – прадстаўляе на конкурс спэктакль паводле аповесьці Васіля Быкава “Пайсьці і не вярнуцца”.

У дырэктаркі Гомельскага драмтэатра Валянціны Рагоўскай цікаўлюся, чаму менавіта спэктакль паводле аповесьці Быкава “Пайсьці і не вярнуцца” выстаўлены на конкурсны паказ?

(Рагоўская: ) “Гэта ж Васіль Быкаў, гэта ж – клясык. Мы спэктакль прысьвяцілі 60-годзьдзю перамогі ў вайне. Ягоная філязофія, роздум пра вайну – хто мог яшчэ так выказаць, калі ня Быкаў?! Спэктакль глядзелі і нашы вэтэраны, і моладзь. Гэта чалавечая аповесьць”.

На падмостках абласнога ды маладзёвага тэатраў будуць паказаны і яшчэ два спэктаклі беларускіх аўтараў. Маскоўскі драмтэатар на Пяроўскай паказвае драматычную баляду Аляксея Дударава “Не пакідай мяне”, а Мазырскі драмтэатар імя Мележа прывёз на фэстываль трагікамэдыю Андрэя Макаёнка “Трыбунал”.

Старшыня журы фэстывалю, драматург Аляксей Дудараў лічыць ня выпадковай увагу самых розных творчых калектываў да беларускай драматургіі:

(Дудараў: ) “Калі зірнуць на гісторыю, беларуская драматургія заўсёды была ў лідэрах. Ва ўсякім выпадку, на працягу апошніх 60 ці нават 70 гадоў. Адзін з драматургаў заўсёды лідзіраваў. Ён быў засьвечаны і ва Ўкраіне, і ў Расеі, і ў іншых цяпер ужо незалежных, самастойных рэспубліках. Увага і цікавасьць да беларускай драматургіі была і, я спадзяюся, застанецца”.

Фэстываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы” нарадзіўся напачатку 1990-х гадоў. Кажуць, што ідэя фэстывалю належыць кіраўніку Бранскага тэатру драмы Ўладзімеру Макараву.

Цяпер фэстываль стаўся заўважнай зьяваю ў культурным жыцьці памежных рэгіёнаў Беларусі, Украіны ды Расеі. Меркаваньне Аляксея Дударава:

(Дудараў: ) “Цяпер гэты фэстываль – тэатральная зьява. Ён ужо ўстаяўся, яго чакаюць. Урэшце, амаль любы фэстываль замяняе гастролі, на якія зараз не заўсёды хапае сродкаў. А сустрэчы, паказаць сябе і паглядзець на іншых, – гэта для тэатральных дзеячаў вельмі неабходна. Гэта – страшэнна патрэбна”, – лічыць старшыня журы фэстывалю драматург Аляксей Дудараў.

Фэстываль будзе доўжыцца пяць дзён. За гэты час гамельчукі ды крытыкі змогуць паглядзець 11 конкурсных спэктакляў.
XS
SM
MD
LG