Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйны Менск крытыкуе заяву Эўразьвязу датычна Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Афіцыйны Менск адрэагаваў апошняе заключэньне на Рады Эўразьвязу па Беларусі. Нагадаем, што пад час панядзелкавай сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу была прынятая сумесная заява па сытуацыі ў Беларусі. У ёй падкрэсьліваецца, што калі прэзыдэнцкія выбары 2006 году ў Беларусі будуць непразрыстымі і несвабоднымі, калі на іх ня будуць дапушчаныя міжнародныя назіральнікі, тады сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, будзе пашыраны.

Рада Эўразьвязу таксама заявіла пра гатовасьць “прыняць дадатковыя абмежавальныя захады”, у тым ліку замарожваньне банкаўскіх рахункаў канкрэтных асобаў.

Праз два дні пасьля разгляду Радай Эўразьвязу беларускага пытаньня Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з адмысловай заявай на гэты конт. У ёй рашэньне Эўразьвязу ацэнена як спроба “навязаць ўладам і грамадзтву Беларусі сваю волю.”

МЗС Беларусі па-ранейшаму пераконвае, што прэзыдэнцкія выбары 2006 года пройдуць у “строгай адпаведнасьці зь дзейным выбарчым заканадаўствам Беларусі і міжнароднымі стандартамі”.

Што да міжнароднага назіраньня за выбарамі, то МЗС Беларусі зазначыла, што ў Беларусі яно адбываецца бесьперашкодна "ў адрозьненьне ад шэрагу краінаў Эўразьвязу".

Адначасова МЗС Беларусі выказаўся супраць спробаў Эўразьвязу “у абход уладаў фінансаваць палітычныя працэсы на тэрыторыі Беларусі”, што было названа фінансаваньнем з чорнага ходу. Паводле МЗС Беларусі рэалізацыя Эўразьвязам праектаў па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці у абход беларускага заканадаўства, разглядаецца яе незаконнае фінансаваньне.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін паведаміў, што беларускі бок зьвяртаўся ў Эўракамісію з просьбай даць тлумачэньні адносна працэдуры прадстаўленьня і рэалізацыі такіх сродкаў Эўразьвязу ў Беларусі, і пакуль чакае адказу на гэтае пытаньне.

Акрамя таго Руслан Есін заявіў пра непрыняцьце афіцыйным Менскам магчымасьці аднабаковага рашэньня наконт адкрыцьця ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі і запатрабаваў, каб гэтае пытаньне разглядалася разам з афіцыйнымі ўладамі Беларусі паводле існуючай працэдуры.

Разам з тым, у апублікаванай сёньня заяве афіцыйны Менск выказаў сваю зацікаўленасьць ў паступовай нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам, у раўнапраўным дыялёгу, у тым ліку ў рамках пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве і эўрапейскай палітыцы суседзтва.
XS
SM
MD
LG