Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: “Сытуацыя ў Беларусі пастаянна пагаршаецца”


Алесь Дашчынскі, Менск Палата прадстаўнікоў атрымала паведамленьне аб тым, што Менск плянуе наведаць рабочая група ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Кіраўніца групы Ўта Цапф заяўляе пра пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў у Нямеччыне дэпутат бундэстагу Ўта Цапф заявіла, што застаецца кіраўніцай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. У яе склад уваходзяць парлямэнтары з Украіны, Швэцыі, Вялікай Брытаніі і Вугоршчыны.

Візыт групы ў Беларусь заплянаваны з 30 студзеня па 3 лютага наступнага году. Плян візыту, як заявіў кіраўнік камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў, “знаходзіцца ў працэсе ўзгадненьня”.

Падчас візыту плянуецца вырашыць з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў далейшы лёс сумеснага сэмінару ў пытаньні эўрапейскай палітыкі суседзтва, які павінен быў адбыцца яшчэ сёлета ў траўні і быў адкладзены з ініцыятывы беларускага боку.

Паводле спадарыні Цапф, праграма візыту будзе звычайная: неабходна яшчэ раз падрабязна прааналізаваць сытуацыю ў Беларусі. Плянуюцца сустрэчы з рознымі грамадзкімі групамі.

(Ута Цапф: ) “Мы ўсе хочам, каб было арганізавана назіраньне за выбарамі. Але мы разумеем, што назіраньне за выбарамі адбудзецца тады, калі Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ) АБСЭ атрымае своечасовае запрашэньне. Гэтае патрабаваньне мы таксама накіравалі беларускаму боку. Бюро павінна мець магчымасьць накіраваць назіральнікаў ужо ў пэрыяд перадвыбарчай кампаніі, каб правесьці паўнавартаснае назіраньне”.

Ута Цапф нагадала таксама пра заяву рады Эўразьвязу, у якой зроблены сур''ёзныя прапановы беларускаму боку, у тым ліку адносна міжнароднага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. Эўразьвяз заклікаў беларускія ўлады забясьпечыць “свабодныя і справядлівыя выбары” і своечасова запрасіць міжнародных назіральнікаў. Міністры Эўразьвязу заклікалі таксама афіцыйны Менск спаўна скарыстаць рэкамэндацыі місіі АБСЭ, якая вяла назіраньне за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі летась. Яны прадугледжваюць забесьпячэньне ўсім прэтэндэнтам роўных правоў і магчымасьцяў пры рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў і свабодны доступ да дзяржаўных мэдыяў.

Як ацэньвае Ўта Цапф цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі?

(Цапф: ) “Паводле той інфармацыі, якую я атрымліваю, сытуацыя ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. Гэта тычыцца партый, няўрадавых арганізацый, прафсаюзаў, праваабарончых арганізацый і гэтак далей. Сёньня я таксама пачула, што прадстаўніка нямецкага фонду Эбэрта будуць судзіць з-за арганізацыі сэмінару, зьвязанага з эўрапейцамі. Усё гэта, сапраўды, нэгатыўныя зьявы.”
XS
SM
MD
LG