Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вітаюць даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе рэлігіяў


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларускія палітыкі, праваабаронцы і рэлігійныя дзеячы вітаюць даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе рэлігіяў у сьвеце. У дакладзе Дзярждэпартамэнту 11 старонак прысьвечана стану рэлігійных свабодаў у Беларусі. Асабліва шмат месца нададзена крытыцы беларускіх уладаў за перасьлед пратэстанцкіх цэркваў ды іншых рэлігійных меншасьцяў.

Інфармацыйны цэнтар “Свабода сумленьня” ўжо некалькі гадоў праводзіць маніторынг парушэньня ў Беларусі правоў вернікаў розных канфэсіяў і бароніць іх правы. Справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША камэнтуе супрацоўнік гэтага цэнтру Станіслаў Акінчыц:

(Акінчыц: ) “Цешыць тое, што Дзярждэпартамэнт сочыць за сытуацыяй у Беларусі. І ў цэлым, тыя ацэнкі, якія ён дае, адпавядаюць рэчаіснасьці. Сытуацыя ў галіне свабоды веравызнаньня ў апошнія гады хутчэй пагаршаецца. І асабліва гэта стала відавочна пасьля прыняцьця закону ў 2002 годзе. І пасьля яго поўнага ўступленьня ў сілу ў 2004 годзе, пасьля заканчэньня перарэгістрацыі сытуацыя стала яшчэ больш відавочнай. Гэта закон, які сапраўды сур’ёзна абмяжоўвае рэлігійныя правы вернікаў”.

Нямала месца ў дакладзе прысьвечана лёсу менскай новаэвангельскай царквы “Новае жыцьцё”, якую ўлады спачатку адмовіліся перарэгістраваць, а пасьля неаднаразова перасьледавалі яе сьвятароў за арганізацыю, нібыта, несанкцыянаваных набажэнстваў. Справаздачу Дзярждэпартамэнту камэнтуе адміністратар гэтай царквы Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) “Я з радасьцю павінен адзначыць, што гэты даклад ёсьць абсалютна праўдзівым. Нават, можа, многія факты, што адбываюцца на месцах, яшчэ не апублікаваныя. Натуральна, што закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў”, што зьявіўся ў 2002 годзе, істотна абмежаваў правы многіх рэлігійных канфэсіяў, акрамя праваслаўнай. І мы бачым, што за тыя гады, якія мінулі пасьля прыняцьця закону, становішча ўсіх канфэсіяў, у тым ліку і нашай пратэстанцкай, істотна пагоршылася. Мы, як царква, ня можам нават выконваць статутных задачаў. Таму я ўхваляю ўсе гэтыя дзеяньні амэрыканскага боку”.

А вось што думае пра штогадовую справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША вернік Беларускай грэка-каталіцкай царквы, намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Іх прэтэнзіі да Беларусі абсалютна апраўданыя. Калі быў апублікаваны толькі праект гэтага новага закону “Аб свабодзе веравызнаньня” — хаця свабода веравызнаньня — гэта проста зьдзек. Гэта закон не “Аб свабодзе веравызнаньня”, а аб парадку веравызнаньняў у Беларусі. Таму што свабода там, здаецца, толькі адной канфэсіі — Беларускаму экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. Усе астатнія канфэсіі у той ці іншай ступені абмяжоўваюцца. Празь цяжкасьці з рэгістрацыяй, празь цяжкасьці набыцьця памяшканьняў, празь цяжкасьці набыцьця зямельных участкаў для пабудовы малельных дамоў і г.д. І на фоне гэтых абмежаваньняў Расейскай праваслаўнай царкве нададзеныя вялікія прывілеі. Таму прэтэнзіі амэрыканцаў слушныя”.

Гл. таксама • Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае рэлігійную дыскрымінацыю ў Беларусі
XS
SM
MD
LG