Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэльгійская паліцыя затрымала беларускага актывіста .


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У беларускіх палітычных уцекачоў, якія ў аўторак раніцай пачалі галадоўку ў цэнтры Брусэлю на пляцы Шумана зьявіліся праблемы – яны не змаглі атрымаць дазвол у паліцыі на знаходжаньне каля будынкаў Эўракамісіі і Рады Эўропы ў начны час, у брусэльскім пастарунку застаецца кіраўнік Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў, які браў удзел у акцыі ў якасьці назіральніка.

Учора ўвечары брусэльская паліцыя папрасіла беларусаў сысьці з пляцу Шумана на начны час. Зьміцер Піменаў, аднак, заявіў тады нашаму радыё, што будзе працягваць перамовы з паліцыянтамі:

(Піменаў: ) “Мы хацелі з начоўкай застацца, але паліцыянты кажуць, што калі так, дык трэба даслаць яшчэ паперы бургамістру. Калі не дазволяць, то будзем пытацца. Ці можна хаця б да заўтра застацца”.

Праз гадзіну спадар Піменаў быў ужо ў паліцэйскім пастарунку.

Ягоны намесьнік па Беларуска-эўрапейскім задзіночаньні Ігар Лазарчу кажа, што паліцэйскія абвінавацілі Піменава ў нелегальным знаходжаньні на бэльгійскай тэрыторыі, але гэта, паводле Лазарчука, непаразуменьне, бо ўсе дакумэнты ў Зьмітра Піменава ў парадку.

(Лазарчук: ) “Я думаю, што гэта не стаўленьне бэльгійскай дзяржавы – яны вельмі добра да нас ставяцца заўсёды. Пэрсанальна патрапіў, пэўна, нейкі паліцыянт, які хацеў выслужыцца”.

Я дазваніўся да пастарунку ў якім знаходзіцца Зьміцер Піменаў, але дзяжурны паліцыянт не гаварыў па-ангельску. Між тым учора ўвечары кіраўніца бэльгійскага офісу “За вольную Беларусь” Вольга Стужынская размаўляла з паліцыянтамі, якія затрымалі Піменава.

(Стужынская: ) “Паліцыя сказала, што гэта не зьвязана зь ягоным удзелам у пікеце, але зь нейкімі прыватнымі справамі. Можа ў ягоных паперах што ня так”.

Між тым адзін з галадоўнікаў, спадар Дзяніс, сказаў нашаму радыё, што ў сытуацыі, калі нельга знаходзіцца на месцы галадоўкі ўначы, ўдзельнікі акцыі разглядаюць магчымасьць спыненьня галадоўкі.

(Дзяніс: ) “Мы яшчэ ня вырашылі, але паліцыя настойліва просіць, каб спыніць галадоўку ў сувязі зь беспарадкамі ў Брусэлі. Заўтра мы зьбярэмся і паглядзім, што будзе”.

У сваю чаргу Ігар Лазарчук упэўнены, што галадоўка будзе працягвацца.

(Лазарчук: ) “Думаю, што мы з бэльгійскімі ўладамі яшчэ крыху паваюем, бо нават ў Эўрапарлямэнце гэтае пытаньне будзе гучаць на наступным тыдні. Нашыя сябры будуць працягваць галадоўку”.

Тое, ці працягнецца галадоўка і якія дакладна абвінавачаньні бэльгійская паліцыя прад’яўляе Зьміцеру Піменаву будзе вядома заўтра.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG