Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Станкевіч: Літва павінна ініцыяваць дыялёг з афіцыйным Менскам


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня найбуйнейшае Балтыйскае інфармацыйнае агенцтва БНС падае заяву літоўскага парлямэнтара Вацлава Станкевіча, у якой літоўскі дэпутат заклікае літоўскіх дыпляматаў ініцыяваць дыялёг з афіцыйнымі ўладамі Беларусі. Заяву літоўскага парлямэнтара цяпер распаўсюдзілі і іншыя інфармацыйныя агенцтвы ў Літве і іншых краінах Балтыі.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў справах НАТО, віцэ-старшыня парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Вацлаў Станкевіч лічыць, што дэмакратычныя выбары ў Беларусі немагчымыя, пакуль ня будуць зьмененыя на больш дэмакратычныя законы пра выбары і сродкі і масавай інфармацыі.

(Станкевіч: ) “Цяпер І Беларусь, і Эўразьвяз, і Літва, як суседка, мы ўсе апынуліся ў своеасаблівым замкнёным коле. Гэта нядобра для ўсіх. Вядома, што на наступны год у Беларусі будзе значная палітычная падзея – прэзыдэнцкія выбары. Аднак бачна, у Эўразьвязе і ў эўрапейскіх інстытуцыях – Радзе Эўропы, АБСЭ, – пераважае такі настрой, што ўсё роўна выйграе Аляксандар Лукашэнка і нічога добрага з гэтага ня будзе”.

Паводле Вацлава Станкевіча, Літва не павінна паддавацца такому настрою і мусіць пачаць актыўна дзейнічаць.

(Станкевіч: ) “Лягчэй за ўсё асудзіць усё і нічога не рабіць, тады і ня будзе ніякага выніку, як ня было дагэтуль. Гэта не азначае, што мусім адступіцца ад нашых дэмакратычных каштоўнасьцяў. Але варта паспрабаваць размаўляць з афіцыйным Менскам адносна будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Аб''ектам такога дыялёгу былі б два цяперашніх дзейных беларускіх закону – пра выбары і пра СМІ.”

Літоўскі парлямэнтар адзначыў, што гэтыя два законы цалкам не адпавядаюць эўрапейскім і дэмакратычным стандартам, у іх хаваецца шмат магчымасьцяў для рэжыму фальсыфікаваць выбары.

На пытаньне, ці ініцыятыва такога дыялёгу ня будзе ўспрынятая як спроба ўмяшаньня ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, Вацлаў Станкевіч адказаў, што падобныя ідэі ўжо ня раз абмяркоўваліся ў Страсбуры.

(Станкевіч: ) “Апрача таго, я чую выказваньні А.Лукашэнкі і яго міністраў, што яны – за дыялёг, каб не было жалезнай заслоны. Так паспрабуем распачаць такі дыялёг”.

Паводле прапановы Вацлава Станкевіча, такі дыялёг з афіцыйным Менскам варта распачаць на ўзроўні трох краінаў – ня толькі паміж Літвой і Беларусьсю, але, у якасьці важнага саюзьніка Беларусі далучыць і Расею.

Далей гэты дыялёг, паводле літоўскага парлямэнтара, можа быць перанесены на ўзровень эўрапейскіх структураў – Эўразьвязу, Рады Эўропы і АБСЭ.
XS
SM
MD
LG