Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У 2006 кошт камунальных паслугаў узрасьце на 10%


Юлія Шарова, Менск У 2006 годзе кошт камунальных паслугаў для насельніцтва ўзрасьце прыкладна на 10%. Пра гэта паведаміла Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Між тым, узровень кампэнсацыі выдаткаў на гэтыя паслугі ня зьменіцца — беларусы будуць і ў наступным годзе плаціць прыкладна 45% ад іхнага рэальнага кошту.

Сёлетні бюджэт прадугледжвае, што ўзровень кампэнсацыі насельніцтвам выдаткаў на камунальныя паслугі дасягне 57%. Нягледзячы на гэта, грамадзяне аплачваюць толькі 45% ад іхнага кошту.

На сёньня ў пэрыяд ацяпляльнага сэзону за стандартную двухпакаёвую кватэру (48 квадратных мэтраў агульнай плошчы) сям’я з трох чалавек плаціць 101 тысячу 95 рублёў. Праз год, паводле плянаў, будзе плаціць недзе 110 тысяч. Аднак дзяржаўны бюджэт гэтай падвышкі не адчуе — яе зьнішчыць інфляцыя, тлумачыць начальнік упраўленьня эканомікі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Кісялёў.

(Кісялёў: ) “Недзе на ўзроўні 45% мы і прагназуем, улічваючы тое, што жорстка абмежаванае павелічэньне плацяжоў для насельніцтва 5 далярамі — у межах 100 тысяч гэта тыя ж 10 тысяч, то бок 10%. І ўлічваючы тое, што паводле макраэканамічных паказьнікаў інфляцыя павінна быць у межах 10%, то мы мяркуем, што недзе стабілізацыя будзе на тым самым узроўні”.

Такім чынам, камунальнікі не атрымаюць дадатковых сродкаў для фінансаваньня сваіх патрэбаў. Што да бюджэтнага фінансаваньня галіны, то яно таксама не павялічыцца. Між тым, камунальныя службы атрымліваюць усё больш складаныя даручэньні ад дзяржавы. Кажа намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сушко:

(Сушко: ) “На наступны год нам ужо мэтавым прызначэньнем у пратаколе прэзыдэнта абазначана 250 мільярдаў рублёў скарыстаць на замену цеплавых сетак і давядзеньне да ладу ўсёй цеплавой гаспадаркі. Гэта сумы даволі значныя”.

Як доўга бюджэт можа фінансаваць камунальную гаспадарку? Экспэрт Інстытуту прыватызацыі ды мэнэджмэнту Алена Ракава лічыць, што ў беларускай дзяржавы пакуль ёсьць рэзэрвы, каб не падвышаць кошту камунальных паслугаў занадта рэзка.

(Ракава: ) “У нас цяпер прафіцыт, прадпрыемствы пасьпяхова плацяць падаткі, то бок у бюджэце грошай шмат. Зь іншага боку, напрыклад, ацяпленьне, электрычнасьць, уя энэргетыка — гэта за кошт перакрыжаванага субсыдаваньня. Гэта папросту дадатковая нагрузка на энэргетычныя прадпрыемствы ды на прамысловыя, бо яны будуць папросту больш высокі тарыф плаціць”.
XS
SM
MD
LG