Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец заяўляе пра “непавагу да Беларусі” з боку ЗША


Алег Грузьдзіловіч, Менск “Адэкватна рэагаваць на непавагу да Беларусі” заклікаў беларускае кіраўніцтва сябра верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец, якому амэрыканскія ўлады адмовілі ва ўязной візе. Тым часам у Беларусі згадваюць гісторыю 8-гадовай даўніны, калі Мікалаю Чаргінцу спачатку таксама не давалі ўязной амэрыканскай візы, але ўрэшце ён яе атрымаў.

9 лістапада сябра верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец склікаў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды адмовы яму ва ўязной візе ў ЗША, куды ён зьбіраўся для ўдзелу ў сэсіі ААН як сябра беларускай дэлегацыі. Паводле Мікалая Чаргінца, падставай стала тое, што год таму ён выкарыстаў знаходжаньне на сэсіі ААН для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША, а гэта не адпавядала ягонай візе. Беларускі палітык лічыць, што насамрэч зь ім паквіталіся з палітычных меркаваньняў.

(Чаргінец: ) “Мінуў год — і раптам яны пра гэта згадалі. Я разумею, у іх ёсьць крыўда за мой рэзкі выступ у ААН, дзе я, як юрыст, здолеў паказаць непраўдзівасьць іх крытыкі на адрас маёй краіны. Таксама за тое, што я паказаў незаконнасьць спробаў працягваць далей блякаду Кубы. А галоўнае — за тое, што я, як сябра місіі АБСЭ, сумленна выканаў свой абавязак падчас назіраньня за выбарамі”.

Паводле Мікалая Чаргінца, 8 лістапада ў другой палове дня яму паведамілі з амэрыканскага Дзярждэпартамэнту, што гатовыя выдаць візу пры пэўных умовах. У прыватнасьці, яму трэба даць пісьмовае забавязаньне падчас побыту ў ЗША “не выходзіць за межы паўнамоцтваў удзельніка сэсіі ААН”. Спадар Чаргінец, аднак, такую ўмову лічыць зьневажальнай і непрымальнай. Ён мяркуе, што Дзярждэпартамэнт ЗША перавышае свае паўнамоцтвы, калі стварае перашкоды для ўдзелу ў сэсіі ААН. Беларускі палітык заклікаў улады Беларусі рэагаваць на падобныя факты “адэкватна”. “Нам трэба карыстацца правілам: не прызнаюць нас — і мы ня будзем іх прызнаваць”, — заявіў Мікалай Чаргінец на прэсавай канфэрэнцыі ў верхняй палаце Нацыянальнага сходу.

Тым часам у Беларусі згадваюць, што Мікалая Чаргінца не ўпершыню не пускаюць у ЗША на сэсію ААН. У 1998 годзе ў Беларусі разгарэўся дыпляматычны скандал, выкліканы тым, што загадам Аляксандра Лукашэнкі з пасёлку Дразды былі гвалтоўна выселеныя дыпляматычныя місіі некаторых заходніх краінаў. Тады амбасадары гэтых краінаў на знак пратэсту часова пакінулі Беларусь, а ўрады заходніх дзяржаваў, у тым ліку ЗША, абвясьцілі неўязнымі шэраг вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Сярод іх быў і Мікалай Чаргінец, нядаўна прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам сябрам верхняй палаты Нацыянальнага сходу. Але ў той час візу Мікалай Чаргінец усё ж атрымаў. Паводле беларускага незалежнага журналіста Рамана Якаўлеўскага, адбылося наступнае:

(Якаўлеўскі: ) "Чаргінец спрабаваў, як і цяпер, патрапіць на сэсію ААН у Нью-Ёрку. У візе яму спачатку адмовілі. Мікалай Іванавіч вельмі пакрыўдзіўся і заявіў, што зьбіраўся ў ЗША ня толькі працаваць на сэсіі, але і перадаць дакумэнты пра амэрыканскіх вайскоўцаў, якія зьніклі бязь вестак у Віетнаме і Аўганістане. Ён асабіста паказваў мне гэтыя дакумэнты: фатаздымкі, пасьведчаньні, але не тлумачыў, адкуль яны ў яго. Нагадаю, спадар Чаргінец сам ваяваў у Аўганістане. Тады ён заявіў, што ў такім выпадку не перадасьць іх амэрыканцам. Пра дакумэнты стала шырока вядома, і ў выніку візу ён атрымаў. Між тым, у Маскве дагэтуль дзейнічае зьмешаная камісія ў справе пошуку зьніклых вайскоўцаў у Віетнаме і Аўганістане, і тыя дакумэнты Мікалай Чаргінец мог туды даўно перадаць. Таму, што да мяне, гэта было не зусім маральна — выстаўляць амэрыканцам такі ўльтыматум: альбо віза, альбо ня будзе дакумэнтаў”.

У амбасадзе ЗША ў Беларусі па-ранейшаму не камэнтуюць адмовы Мікалаю Чаргінцу ў візе. У тым ліку не камэнтуюць там і апошняй заявы беларускага палітыка адносна таго, што яму гатовыя выдаць візу на пэўных умовах.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў дагэтуль забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Гэта асобы, якія могуць мець дачыненьне да рэпрэсіяў супраць апазыцыі і фальшаваньня вынікаў мінулых выбараў. У сьпісе неўязных Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Юры Сівакоў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юры Падабед, Лідзія Ярмошына. Урад ЗША заяўляў, што далучаецца да гэтай забароны.

Гл. таксама • Мікалая Чаргінца не пусьцілі ў ЗША
XS
SM
MD
LG