Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выжыве “Народная Воля”?


Ганна Соусь, Менск Пасьля таго, як прадпрыемства “Белпошта” не ўключыла “Народную Волю” ў падпісны каталёг на першае паўгодзьдзе 2006 году, з новага году газэта пазбаўленая магчымасьці распаўсюджвацца ня толькі праз газэтныя шапікі, але і праз падпіску. Наша карэспандэнтка наведала рэдакцыю “Народнай Волі”.

У рэдакцыі “Народнай Волі” мне паказваюць падрыхтаваную першую паласу заўтрашняга нумару, дзе друкуецца зварот да чытачоў ад імя калектыву газэты.

“Мы ведаем: блякада “Народнай Волі” зьвязаная з прэзыдэнцкімі выбарамі, да якіх застаюцца лічаныя месяцы”, гаворыцца ў звароце. “Мы ведаем, што рашэньне “Белпошты” — гэта толькі працяг рэпрэсіўных дзеяньняў, распрацаваных у “Чырвоным доме”, лічаць супрацоўнікі “Народнай Волі”. Журналісты недзяржаўнай газэты абураныя рашэньнем “Белпошты”, але не губляюць аптымізму. Гаворыць карэспандэнтка “Народнай Волі” Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Будзем змагацца, змагацца за тое, каб мы маглі працаваць, бо нас проста пазбаўляюць працоўных месцаў. Сёньня мэдыйны рынак разбураны, і журналістам вельмі цяжка працаўладкавацца. Лепш увогуле зьмяніць прафэсію, але не ісьці працаваць у дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, у тую ж “Советскую Белоруссию”.

Камэрцыйная дарэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава кажа, што рашэньне “Белпошты” не ўключаць газэту ў падпісны каталёг было прадказальным:

(Церахава: ) “Мы адчувалі гэта даўно. Даўно яны ўжо зьмяншалі адпраўку ў розьніцу. Яны ж з намі нават не скасавалі дамову наконт розьніцы. Проста ня сталі браць — і ўсё, і ніякіх тлумачэньняў не далі”.

Як паведаміла Радыё Свабода шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна, цяпер вядзецца праца дзеля стварэньня ў Менску і буйных гарадах цэнтраў распаўсюджаньня газэты на грамадзкіх асновах.

А галоўны рэдактар “Народнай Волі “Іосіф Сярэдзіч запэўніў Радыё Свабода, што, нягледзячы на ўсе перашкоды ўладаў, “Народная Воля” абавязкова будзе выходзіць, і ўсе пытаньні зь “Белпоштай” рэдакцыя будзе вырашаць праз суд.

Сёньня ў “Народную Волю” ўжо тэлефанавалі чытачы, каб выказаць падтрымку. Гаворыць журналістка Марыя Эйсмант:

(Эйсмант: ) “Сёньня тэлефанаваў чытач з Капыля, такі ўвесь узрушаны, што пачуў па “Свабодзе”, што “Белпошта” не ўключыла “Народную Волю” ў каталёг. Ён быў узрушаны, казаў: “Што рабіць? Як жыць бяз гэтага паветра свабоды?”

Падтрымку газэце выказалі і яе сталыя чытачы — майстар старажытнабеларускіх інструмэнтаў Уладзімер Пузыня і генэрал Валер Фралоў, якія сёньня наведалі рэдакцыю.

(Пузыня: ) “Проста жах. Я ня ведаю, у якой краіне жыву. Не магу пачытаць таго, што я хачу і люблю. Але ж Бог іх пакарае”.

(Фралоў: ) “Нічога дзіўнага няма. Усё ідзе, як кажуць, па пляне. Апошнюю крыніцу топчуць. Змагаецца Калінкіна, змагаецца спадар Сярэдзіч”.

На якой падставе прадпрыемства “Белпошта” вырашыла не ўключаць “Народную Волю” ў падпісны каталёг на наступны год? Я зьвярнулася з гэтым пытаньнем да выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара “Белпошты” Ірына Саксонавай, якая даслала адпаведны ліст у газэту.

(Саксонава: ) “У аддзел падпіскі зьвяртайцеся”.

(Карэспандэнтка: ) “Але “Народная Воля” атрымала ліст за вашым подпісам…”

(Саксонава: ) “Ці мала што я падпісвала”.

Як паведамляецца ў лісьце, дасланым на адрас “Народнай Волі”, прадпрыемства “Белпошта” вырашыла не ўключаць “Народную Волю” ў падпісны каталёг у сувязі з тым, што газэта парушала абавязаньні па заключаных дамовах на прыём і дастаўку накладаў газэты. Таксама ўлічвалася невялікая замова для рэалізацыі ў розьніцу і істотны працэнт сьпісаньня “Народнай Волі”. Ліст прыблізна такога ж зьместу атрымалі і недзяржаўныя газэты “Салідарнасьць” і “Згода”, якія таксама не ўключылі ў падпісны каталёг на наступны год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG