Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыю здольны аб’яднаць толькі Аляксандар Казулін”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У нашай пошце першых дзён лістапада па-ранейшаму нямала лістоў, аўтары якіх разважаюць пра вартасьці і заганы тых беларускіх палітыкаў, што прэтэндуюць на ўдзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдатаў на галоўную пасаду ў дзяржаве. Наш слухач зь Менску Барыс Руцько ў сваім лісьце на “Свабоду” з гэтай нагоды піша:

“Для мяне відавочна, што рэальныя шанцы на перамогу маюць не Мілінкевіч, не Фралоў, не Пазьняк і не Лябедзька. Самая дастойная кандыдатура — гэта Казулін. Адукаваны, інтэлігент, не скампрамэтаваны. На мой погляд, толькі ён здольны аб’яднаць апазыцыю і ўсе слаі насельніцтва, якія незадаволены цяперашняй палітыкай. І толькі ён можа перамагчы Лукашэнку. Але дзеля гэтага яму важна мець добрых памочнікаў з асяродзьдзя рабочых, студэнтаў ды іншых. А ўвогуле, яму неабходныя разгалінаваныя структуры ва ўсіх рэгіёнах. Тады ён здольны будзе скласьці вартую канкурэнцыю Лукашэнку ці ягонаму пераемніку. Казуліну варта было б стварыць нешта накшталт “ценевых” структураў улады, схіляць на свой бок цяперашніх намэнклятурных кіраўнікоў. Каб у крытычны момант абапірацца на тых людзей, якія маюць рэальныя магчымасьці і досьвед дзяржаўнага кіраваньня”.

Аляксандар Казулін, спадар Руцько, ужо паспрабаваў стварыць масавы грамадзкі рух, які б аб’яднаў ва ўсіх рэгіёнах прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Гэтая спроба сутыкнулася з жорсткім супрацівам улады. Многія актывісты, якія займаліся стварэньнем руху, зьведалі перасьлед на месцах працы і вучобы: ім пагражалі, іх запалохвалі. Некаторыя нават вымушаныя былі адклікаць свае подпісы пад зваротам. Гэта ж датычыць і магчымых аднадумцаў Аляксандра Казуліна ў структурах улады. У асяродзьдзі намэнклятуры, магчыма, і ёсьць чыноўнікі, якія гатовы падтрымаць апазыцыйнага палітыка. Але ў сёньняшніх умовах дэманстраваць сваю неляяльнасьць да ўлады і весьці якія-небудзь сакрэтныя перамовы з апазыцыяй наўрад ці хто-небудзь адважыцца: гэта мела б для такіх асобаў лёгкапрадказальныя наступствы.

Пра сытуацыю ў асяродзьдзі апазыцыі разважае ў сваім лісьце і наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску:

“Паслухаўшы і пачытаўшы выказваньні Лявонава, Фралова, Казуліна, Ляўковіча, Вайтовіча, Краўчанкі і Нісьцюка, я прыйшоў да высновы, што яны распачалі агітацыю супраць адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, абранага на Кангрэсе дэмсілаў. Для іх, відаць, галоўнае — не перамены ў краіне, а асабістыя палітычныя амбіцыі. Яны ўвесь час падкрэсьліваюць, што кангрэс — гэта толькі нейкая частка апазыцыі. Галоўная ж частка — гэта нібыта яны, тыя, хто не пажадалі аб’яднацца. І цяпер адзіны прэтэндэнт, абраны на Кангрэсе, павінен дамаўляцца зь імі, каб вызначыць, так бы мовіць, “сапраўднага адзінага”.

Васіль Лявонаў на адрас Кангрэсу выказаўся ў тым сэнсе, што гэта, маўляў, “партыйны міжсабойчык, суперніцтва дзьвюх партыяў”. І ў той жа час ён падпісваецца пад дэклярацыяй ад 27 верасьня. Пётар Краўчанка ўвогуле стаў сталым перабежчыкам ад адных да другіх. Лічу, што такую асобу ня варта дапускаць да ўлады. А пра Валерыя Фралова — гаворка асобная”.

Прэзыдэнцкія выбары, спадар Копыл, гэта, у канчатковым выніку, заўсёды сутыкненьне асабістых палітычных амбіцыяў. Асобы, якія такіх амбіцыяў ня маюць, у палітыку не ідуць. І тое, што цяпер адбываецца ў асяродзьдзі лідэраў апазыцыі — зусім натуральны працэс, пазьбегнуць якога наўрад ці магчыма. Прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду будзе шмат — незалежна ад рашэньняў якіх бы то ні было кангрэсаў і зьездаў.

Але далей будзе этап збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты. І тыя палітыкі, якія ня маюць падтрымкі моцных партыйных і грамадзкіх структураў, цераз гэта сіта прайсьці ня змогуць. А такіх, як паказвае досьвед мінулай выбарчай кампаніі, будзе большасьць ад першапачатковага сьпісу патэнцыйных кандыдатаў.

Наступны ліст ад Віктара Карлоўскага з хутару Любень Буда-Кашалёўскага раёну:

“Калісьці хутар быў пасёлкам. Але ўсе адсюль выехалі. А ў мяне і маці такой магчымасьці няма, вось і засталіся мы гараваць у сваім лесе. Раней такіх, як наша сям’я, называлі “перажыткамі капіталізму”. У калгас мы не ўступалі. У выніку ў майго дзеда, Васіля Фролавіча, бальшавікі забралі ўсю маёмасьць, а самога яго судзілі і выслалі на перавыхаваньне — туды, адкуль ён ужо не вярнуўся. Сям’ю абклалі непасільным падаткам. Забіралі ўсё, аднаго разу канфіскавалі нават вузельчык з фасоляй. Праўда, з часам перавыхаваўчы імпэт у камуністаў аслаб, але падвойныя падаткі з нас зьдзіралі спраўна, аж да 1981 году (пра што нават захаваліся адпаведныя квіткі)”.

Пасьля таго, як Савецкі Саюз распаўся, камуністы страцілі ўладу, а злачынствы камуністычнага рэжыму былі прызнаны на афіцыйным узроўні, сям’я Карлоўскіх спрабавала дамагчыся справядлівай кампэнсацыі. Што з гэтага атрымалася? Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“У 2002 годзе мой бацька Ўладзімер Васільевіч зьвярнуўся да ўладаў, каб аддалі грошы за тую маёмасьць, якую незаконна адабралі, а таксама каб кампэнсавалі неабгрунтавана спагнаныя падаткі. Начальнікі прапанавалі нам за маёмасьць 5 тысяч рублёў (гэта тры даляры). А вярнуць падаткі, сказалі, ня можам: няма такога закону. Прапаноўвалі нам таксама атрымаць пашпарты, якіх мы дагэтуль ня мелі, а таксама паабяцалі бацьку пэнсію — 12 тысяч рублёў. Але ён адмовіўся. А праз год памёр.

Маёй маці ўжо 73 гады. Ёй таксама прапаноўвалі 12 тысяч пэнсіі. Але яна і ад пэнсіі, і ад пашпарту адмовілася — на знак пратэсту за ўсё перажытае мінулае. Вось так мы зь ёй і жывем у лесе. Да бліжэйшай вёскі два кілямэтры. Адукацыі я ніякай ня маю: у свой час бацькі не пусьцілі мяне ў школу на камуністычнае перавыхаваньне. Ня маю я ў свае 50 год і ніякіх дакумэнтаў”.

Відавочна, спадар Карлоўскі, і ў вашых бацькоў, і ў вас ёсьць шмат падставаў дзеля таго, каб выказваць пратэст супраць такога стаўленьня з боку ўлады. На жаль, разьлічваць на тое, што ў блізкай будучыні вам удасца спагнаць зь дзяржавы справядлівую кампэнсацыю за адабраную ў 1930-я гады маёмасьць, наўрад ці выпадае. Ад бальшавіцкага рэжыму падчас так званага “раскулачваньня” пацярпелі мільёны сем’яў. Усе яны страцілі і маёмасьць, і блізкіх людзей. На пачатку 1990-х гадоў, калі ў Вярхоўным Савеце абмяркоўвалася праблема кампэнсацыяў, тагачасныя дэпутаты і ўрад вырашылі, улічваючы сьціплыя магчымасьці бюджэту, абмежавацца сымбалічнымі выплатамі. А пазьней, калі ўлада зьмянілася і пра злачынствы камунізму на афіцыйным узроўні перасталі згадваць, на гэтую тэму ўвогуле не зьвяртаюць увагі.

І тое, што ваша маці і вы адмовіліся атрымліваць мізэрную пэнсію і пашпарты, наўрад ці расчуліць чыноўнікаў і прымусіць іх перагледзець стаўленьне да лёсу вашай сям’і. А вось для вас адсутнасьць дакумэнтаў і хоць бы невялікай пэнсіі на схіле веку ўскладніць жыцьцё вельмі істотна. Можа, варта падумаць над гэтым, спадар Карлоўскі, а свой пратэст выказваць нейкім іншым чынам?

На заканчэньне кароткі ліст ад нашай слухачкі Вольгі Зацэпінай зь Віцебску, якая выказалася з нагоды нядаўняга сьвяткаваньня ў Беларусі гадавіны бальшавіцкага перавароту 1917 году:

“Як жа так атрымалася, што сама Расея адмовілася лічыць сьвятам гадавіну сваёй рэвалюцыі, а Беларусь па-ранейшаму адзначае гэты дзень як дзяржаўнае сьвята? З бальшавіцкай рэвалюцыі пачаліся грамадзянская вайна, чырвоны тэрор, гвалтоўная калектывізацыя, масавыя палітычныя рэпрэсіі. Якое ж гэта сьвята? Што мы сьвяткуем? Вядома, гэтай даты нельга выкрасьліць з гісторыі. Дык няхай яна і застаецца як памятны дзень, але не сьвяточны. У гэты дзень не сьвяткаваць трэба, а аплакваць усіх бязьвінна забітых ды прасіць дараваньня ў нашчадкаў за нялюдзкія камуністычныя экспэрымэнты над жывымі людзьмі”.

На пачатку 1990-х гадоў дзень кастрычніцкай рэвалюцыі ўжо быў выкрасьлены з календара беларускіх дзяржаўных сьвятаў. Але пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сьвята 7 лістапада вярнулася. Праўда, усе мы, хто памятае, як адзначалі гадавіну рэвалюцыі за камуністамі, параўноўваючы, ня можам не заўважаць, як гэтае сьвята паступова згасае і адыходзіць — разам з тымі пакаленьнямі, якія прывыклі ў гэты дзень да вайсковых парадаў і масавых дэманстрацыяў, якія пасылалі адзін аднаму віншавальныя паштоўкі з выявамі Леніна, рэвалюцыйнага крэйсэра і чырвоных гвазьдзікоў.

Напэўна, спадарыня Зацэпіна, ня надта далёкі той дзень, калі гэтае сьвята натуральным чынам адыдзе ў нябыт — незалежна нават ад палітычнага рэжыму, які кіруе ў Беларусі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG