Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы галадаюць у Брусэлі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Трое беларускіх палітычных ўцекачоў працягваюць галадоўку ў цэнтры Брусэлю з патрабаваньнем вызваліць палітзьняволеных у Беларусі і стварыць міжнародную камісію ў справе зьніклых беларускіх палітыкаў і забойстваў журналістаў.

Брусэльская паліцыя не дазволіла галадоўнікам заставацца на адным з цэнтральных пляцаў бэльгійскай сталіцы – пляцы Шумана, дзе ўчора распачалася галадоўка. Паводле спадара Ігара Лазарчука зь Беларускага Эўрапейскага задзіночаньня, які бярэ ўдзел у акцыі ў якасьці назіральніка, паліцыянты патлумачылі забарону падзеямі ў суседняй Францыі.

(Лазарчук: ) “Уначы прыехалі паліцыянты, якія сказалі, што ў сувязі з тым, што ў Брусэлі таксама ўжо пачалі паліць аўтамабілі, застацца на ноч нельга. Але цяпер галадоўка працягваецца – галадоўнікі ізноў на пляцы Шумана, паліцыя дазваляе. З раніцы ўжо падыходзілі дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Славаччыны і Чэхіі”.

Галадоўнікі трымаюць плякаты з партрэтамі беларускіх палітычных вязьняў і надпісамі-па ангельску “Свабоду палітзьняволеным”, “Яны сядзяць у турмах толькі таму, што хацелі пабудаваць у Беларусі дэмакратыю”, а таксама здымкі зьніклых палітыкаў з надпісам “Мы памятаем” і “Патрабуем стварыць міжнародную камісію, каб дасьледаваць палітычныя справы зьнікненьняў у Беларусі”.

Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі – спадар Дзяніс.

(Дзяніс: ) “Мы просім міжнародную супольнасьць, каб была створаная камісія ў справе зьніклых і каб былі зробленыя ўсе магчымыя захады, каб вызваліць палітзьняволеных зь беларускіх турмаў. Самаадчуваньне нармалёвае – п’ем толькі ваду, гарбату і каву”

Дзяніс кажа, што да ўдзельнікаў акцыі падыходзяць вельмі шмат мінакоў, якія цікавяцца мэтай галадоўкі, іх здымаюць таксама шматлікія бэльгійскія і замежныя тэлеканалы.

Галадўнікі пацьвердзілі, што будуць працягваць акцыю, пакуль ім ня стане дрэнна – стан іхнага здароўя пэрыядычна будзе кантраляваць беларускі лекар з Антвэрпэну.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG