Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Сэвэрын: "Я ня бачу арганізацыі, якая б магла зьмяніць сытуацыю ў Беларусі"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Адрыян Сэвэрын - былы старшыня парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а цяпер адмысловы прадстаўнік ААН у справе Беларусі, знаходзіўся напярэдадні ў Варшаве дзе ў размове з нашым карэспандэнтам даў ацэнку цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і магчымасьцяў уплыву, якія маюць на гэтую сытуацыю міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Эўразьвяз і ААН.

(Карэспандэнт: ) “Беларускае пытаньне ўсё часьцьей гучыць, прыкладам, у структурах Эўрапейскага Зьвязу, прычым ня толькі ў Эўрапарлямэнце, як гэта было раней, але і ў Эўрапейскай камісіі, у часе паседжаньня Рады Эўразьвязу, розных эўрапейскіх форумаў. Я запытаўся ў Адрыяна Севярына, ці значыць гэта, што эўрапейцы пачалі лепш разумець тое, што адбываецца ў Беларусі?”

(Сэвэрын: ) “Калі гаворка ідзе пра дэмакратыю, натуральна, што нельга абмінуць тыя дзяржавы, дзе кіраўніцтва не занепакоенае недахопам, ці поўнай адсутнасьцю дэмакратыі. Мы можам абмяркоўваць нейкія недахопы дэмакратыі ў дэмакратычных краінах, але ў дзяржавах такіх, як Беларусь дэмакратыі ўвогуле няма, але ёсьць пагроза дыктатуры. Нельга забывацца на тых людзей, якія ў сваіх краінах змагаюцца за дэмакратыю. Пра гэта мы гаварылі таксама і ў часе апошняга Форуму Рады Эўропы ў справе будучыні дэмакратыі. Ці ёсьць больш разуменьня беларускай сытуацыі? Ня думаю, бо ўсе і так добра разумеюць, што ў гэтай краіне адбываецца”.

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы на разуменьне беларускай сытуацыі, дэмакратычная міжнародная супольнасьць, паводле Адрыяна Сэвэрына, мае абмежаваны ўплыў на тое, што ў Беларусі адбываецца”. Працягвае спадар Сэвэрын.

(Сэвэрын: ) “Праблема ў тым, што ў нас няма дастаткова сілы, каб паўплываць на хуткую зьмену сытуацыі ў Беларусі. Але ў любым выпадку, калі казаць пра гэтую краіну, мы – прыхільнікі дэмакратычных пераменаў у Беларусі і тыя, хто выступае супраць такіх пераменаў, усё больш разыходзімся на розныя бакі барыкадаў. Гаворка ідзе не пра магчымае паляпшэньне, але пра тое, што патрэбныя зьмены. У часе апошняга форуму Рады Эўропы мы накіравалі беларусам чарговы сыгнал аб тым, што пра Беларусь памятаюць, з беларускімі дэмакратамі салідарныя і гатовыя дапамагаць як толькі магчыма ў дэмакратычных пераменах.

Трэба адкінуць крывадушнасьць і адным голасам заявіць беларускім уладам, што так, магчыма па-рознаму інтэрпрытаваць дэмакратыю, але гэтыя інтэрпрытацыі не могуць закранаць сутнасьці дэмакратычнай сыстэмы – ёсьць прынцыпы, якія павінна паважаць любая ўлада, калі яна лічыць сябе дэмакратычнай. Яшчэ раз падкрэсьлю – мы будзем змагацца за дэмакратыю ў Беларусі. І гэта нашае пасланьне ўсім беларусам – і дэмакратам, і тым хто вагаецца, і недэмакратам”.

(Карэспандэнт: ) “Вы працуеце для Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Якія ёсьць шансы на тое, што гэтая арганізацыя будзе разглядаць сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, ці тут таксама можна казаць пра “недахоп магчымасьцяў?”

(Сэвэрын: ) “Ведаеце, нягледзячы на тое, што мы жывем у гэтак званы поствэстфальскі пэрыяд гісторыі, мы дагэтуль абмежаваныя некалькімі вэстфальскімі правіламі. Магчыма, што гэта добра, бо інакш была б спакуса дзейнічаць без усялякіх абмежаваньняў. У дадзеным выпадку я ня бачу такой магчымасьці, каб якая-кольвечы арганізацыя ў сьвеце магла ўмяшацца і сілай зьмяніць сытуацыю ў Беларусі, нават калі мы лічым, што гэтая сытуацыя жахлівая. Але ўсе міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і ААН, уключыліся ў працэс далучэньня Беларусі да сям’і дэмакратычных народаў і я спадзяюся, што аднойчы гэты працэс прынясе вынікі. Але перадусім гэта беларусы павінны вырашыць, ці яны сапраўды хочуць зьмяніць сваё жыцьцё і сваё грамадзтва, ці не. Канечне, беларусам цяпер абмежавалі свабоду выказваньня ў гэтай справе, але, на маю думку, у іх усё яшчэ ёсьць магчымасьці паказаць сваю рашучасьць. Так ці інакш, нагода для аптымізму ёсьць, яна ў тым, што як я казаў, усе міжнародныя арганізацыі, працуюць у гэтай справе. Трэба казаць адным голасам, накіроўваць сродкі туды, дзе яны насамрэч патрэбныя. Вынікі будуць, і я мяркую, хутчэй у бліжэйшай пэрспэктыве, чым у вельмі далёкай”.
XS
SM
MD
LG