Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баўгарыі па-ранейшаму выдаюць беларускіх пісьменьнікаў


Валянціна Аксак, Менск У Сафіі ў выдавецтве “Илинда-Евтимов” выдадзеная анталёгія беларускай прозы ў перакладзе на баўгарскую мову. Пяць гадоў таму ў Баўгарыі была выдадзеная анталёгія беларускай паэзіі. Між гэтымі двума вялікімі тамамі былі яшчэ некалькі аўтарскіх кніг, зборнік маладых беларускіх паэтаў і тэматычны паэтычны зборнік, прысьвечаны Чарнобыльскай трагедыі. Усе гэтыя выданьні ажыцьцёўленыя пры актыўным спрыяньні амбасадара Беларусі ў Баўгарыі Аляксандра Пятрова.

Традыцыя выданьня ў Баўгарыі беларускай літаратуры пачалася ня сёньня. Яшчэ за савецкім часам па-баўгарску выходзілі кнігі Васіля Быкава, Янкі Брыля, Барыса Сачанкі, Міхася Стральцова, Івана Пташнікава, Ніла Гілевіча і іншых. У выдадзеную цяпер анталёгію беларускага апавяданьня ўвайшлі творы блізу шасьцідзесяці аўтараў розных пакаленьняў дваццатага стагодзьдзя ўлучна з маладзейшымі. Вось што сказаў з гэтай нагоды адзін з аўтараў анталёгіі прозы і выдадзенай у дзьвюхтысячным годзе анталёгіі паэзіі Леанід Дранько-Майсюк.

(Дранько-Майсюк:) “Гэтая традыцыя любові балгарскіх выдаўцоў і я спадзяюся любові баўгарскіх чытачоў да нашай беларускай літаратуры яна , дзякуй Богу, не перапыняецца і яна будзе доўжыцца. Новыя выданьні, новыя анталёгіі беларускага апвяданьня і беларускай паэзіі якраз і сьведчаць пра тое”.

Нядаўна ў Баўгарыі выдадзеная кніга вядомай беларускай пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, а тры гады таму ў Сафіі ў перакладзе на баўгарскую мову выйшла кніга вядомага беларускага паэта Сяргея Законьнікава “Шлях душы”. Ініцыятарам абодвух гэтых выданьняў, як і шэрагу іншых, стаў амбасар Беларусі ў Баўгарыі Аляксандар Пятроў. Спадар Законьнікаў ня бачыць у гэтым нічога надзвычайнага. Наадварот – папулярызацыя сваёй культуры ў краіне знаходжаньня ёсьць адной з найпершых справаў дыплямата. Дзіўна, што іншыя амбасадары не займаюцца гэтым, кажа Сяргей Законьнікаў.

(Законьнікаў:) “Канечне ж, трэба, каб і іншыя нашыя амбасады, якія знаходзяцца ў самых розных краінах, у тым ліку і ў самых блізкіх да нас славянскіх, каб яны таксама спрыялі літаратурным, культурным сувязям і кантактам”. Гэта асабліва надзённа цяпер, калі дзяржава паўсюдна дэкляруе сваю адметнасьць на міжнародным роўні. Культура, як нішто іншае, можа быць неаспрэчным доказам гэтае адметнасьці. На жаль, беларуская дзяржава дасюль не стварыла за мяжой сваіх культурніцкіх інстытуцыяў кшталту Інстытуту польскага ў Менску ці цэнтру Гётэ, які актыўна прапагандуе культуру Нямеччыны ў Беларусі. І дзейнасьць беларускай амбасады ў Баўгарыі ёсьць прыемным выключэньнем у палітыцы замежных прадстаўніцтваў нашай краіны.
XS
SM
MD
LG