Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць праявы фашызму і антысэмітызму ў Беларусі?


Іна Студзінская, Менск Cёньня – Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысэмітызмам. У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года па ўсёй Нямеччыне прайшлі габрэйскія пагромы. Гэта ноч ўвайшла ў гісторыю як “крыштальная ноч”, альбо ноч разьбітых вітрынаў”.

Падставай для пагромаў у Нямеччыне і Аўстрыі паслужыла забойства ў Парыжы 17-гадовым польскім габрэем Гершалем Груншпанам дарадцы нямецкай амбасады Эрнста фон Рата. У адказ на гэты акт па асабістаму загаду Гітлера пры ўдзеле Гэбэльса і Гімлера быў інсцэніраваны як стыхійны выраз народнага гневу габрэйскі пагром. Было разбурана і спалена 267 сынагог, 815 крамаў і прадпрыемстваў, 7 тысяч лавак, што належылі габрэям. 20 тысяч габрэяў было арыштавана, 36 чалавек загінула. Агульныя страты склалі 25 мільёнаў рэйхсмарак, зь якіх каля 5 мільёнаў прфыйшлося на разьбытыя вітрыны (адсюль і другая назва “крыштальнай” ночы – “ноч разьбітых вітрын”.

Калі гаварыць пра сытуацыю ў сучаснай Беларусі, то габрэйскіх пагромаў ці адкрытых праяваў нацыянальнай варожасьці тут няма. Але пэрыядычна зьяўляюцца зьвесткі пра вандалізм на габрэйскіх могілках, пра намаляваную ў беларускіх гарадах свастыку. На пытаньне пра праявы фашызму, антысэмітызму на вуліцы я пачула такія адказы:

(Спадарыня: ) “Фашызм ёсьць. Ён набліжаецца. І гэта страшна. У мяне наагул такое ўражаньне, што наша краіна набліжаецца да нейкай вялікай бойні: гэта ўзмацненьне арміі, нейкія “дурноты” з законамі пра экстрэмізм, пра грамадзянскую абарону, узмацненьне міліцыі. Нешта такое нядобрае, нагадвае Германію мінулага стагодзьдзя”.

(Спадар: ) “На вялікі жаль, гэтыя праявы назіраюцца. Узяць Курапаты, там пашкодзілі лаву, якую ўсталявала Амбасада ЗША. Шыльду разьбілі на крыжы. Ну а на вуліцах сталіцы на будынках, на платах пэрыядычна ўзьнікае свастыка. Шкодзілі помнікі на габрэйскіх помніках у Бабруйску, у Барысаве”

Дырэктар музэю гісторыі і культуры габрэяў, кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава выказала такое меркаваньне:

(Герасімава: ) “Калі казаць аб дзяржаўным антысэмітызьме, то, на маю думку, такога ў Беларусі няма. Але калі мы кажам аб праявах антысэмітызму і элемэнтах фашызму ў грамадзтве, то яны ёсьць. У верасьні быў апаганены помнік “Яма”, прычым, апаганены настолькі па-езуіцку, што мы былі ў шоку. Гэта была прадуманая акцыя”.

Спадарыня Герасімава пералічыла яшчэ некалькі прыкладаў вандалізму – пагромы на габрэйскіх могілках у Барысаве, апаганены мэмарыял у Бабруйску, спробы пабудаваць стадыён на месцы габрэйскіх пахаваньняў у Горадні. Таму пільнасьць, увага павінна быць на самым высокім дзяржаўным узроўні. І зноў паслухаем Іну Герасімаву.

(Герасімава: ) “Сёньня ў краіне нікога не перасьледуюць за тое, што ён габрэй, як было некалі ў Савецкім Саюзе ў 70-х, 80-х гадох. Такога няма. Але калі мы кажам увогуле аб барацьбе з гэтымі зьявамі, то гэта павінна абавязкова адбывацца, прычым, на дзяржаўным узроўні”.
XS
SM
MD
LG