Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па маёй сьмерці няхай хоць выюць чэрці


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Па маёй сьмерці няхай хоць выюць чэрці – прыказка, што як найлепш адлюстроўвае спрадвечны фаталізм у сьветапоглядзе беларуса. Круці не круці, трэба ўмярці – ад наканаванага не ўцячэш і ў бульбу не схаваесься. Рана ці позна адправісься да Абрама на піва.

Па маёй сьмерці няхай хоць выюць чэрці – наўрад ці нашыя продкі ведалі такое мудрагелістае слова, як дэкаданс, што па-людзку гучыць як заняпад. Але менавіта дэкадэнцкі настрой перадае гэтая па-свойму дасьціпная беларуская прыказка.

“Калі памру, няхай зямля агнём гарыць”, – пісаў некалі адзін старажытнарымскі паэта. Ня ведаю, як адрэагаваў рымскі саюз пісьменьнікаў на відавочна ўпадніцкія радкі таварыша па пяры, які адышоў ад прынцыпу рабаўладальніцкага рэалізму. Але імпэратару Нэрону яны прыпалі да густу. Праўда, ягоная імпэратарская мосьць крыху перакруціла іх на свой капыл: “Пакуль жыву, няхай зямля агнём гарыць”. Так яно й здарылася. Каб натхніцца на напісаньне паэмы пра пажар Троі, уладар папросту падпаліў Рым, зьвінаваціўшы ў падпале тагачасную апазыцыю – хрысьціянаў. Па маёй сьмерці няхай хоць выюць чэрці – невядома, ці доўга давялося імпэратару загараць у пекле, але насьлядзіць у гісторыі ён пасьпеў. Апрача цкаваньня хрысьціянаў, Нэрон захапляўся спортам, браў удзел у гонках на калясьніцах, дзе быў прызнаны пераможцам, хоць і вылецеў з дыстанцыі.

Адзін раз жывем, і то пры ім – нядаўна пачутае мною выказваньне, што прэтэндуе на афарыстычнасьць, можна аднесьці і да часу кіраваньня Нэрона. Скончылася ж ягонае цараваньне тым, што Сэнат плюнуў на ўсё і абвясьціў імпэратару імпічмэнт, змусіўшы яго тым самым скончыць жыцьцё самагубствам.

Па маёй сьмерці няхай хоць выюць чэрці – гэты выраз перадае памяркоўна-разважлівае стаўленьне беларуса да сьмерці. Адно толькі розуму не прыстаўлю: чаму на памяць прыходзяць рымскія імпэратары?

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG