Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыя стварае... Банк народнай мудрасьці


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі пачалося стварэньне Банку народнай мудрасьці. З такой ініцыятывай выступіў Нацыянальны камітэт, які, нагадаем, выконвае функцыі “ценявага” ўраду дэмакратычных сіл.

Банк народнай мудрасьці ствараецца ў сувязі з новай канцэпцыяй дзейнасьці Нацыянальнага камітэту.

Гаворыць яго старшыня Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Раней як адбывалася? Стваралася адмысловая група з разумных, адукаваных людзей, якія прапаноўваюць напрацоўкі, праграмы. Мы вырашылі зьмяніць працэдуру падрыхтоўкі такіх дакумэнтаў.

Ініцыятыва павінна ісьці зьнізу. І для гэтай мэты мы і ствараем такую інстытуцыю як Банк народнай мудрасьці. Мы зыходзім з таго, што ў грамадзтве велізарная колькасьць адукаваных людзей, якія зьяўляюцца носьбітамі розных ідэй і прапановаў. Але ні ў савецкія часы, ні пры Лукашэнку ніхто іх не выкарыстоўваў. Усё гэта было фармальна, з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу.

Я мяркую, што будзе вельмі добра, каб на выбарчую кампанію адзіны кандыдат і яго каманда пайшлі з народнай праграмай, якая створаная вялікай колькасьцю людзей. З праграмай, у якую яны будуць верыць, што яна працуе на іх, а не на адну асобу альбо групу людзей каля ўлады”.

Праз Банк народнай мудрасьці Нацыянальны камітэт разьлічвае далучыць да фармаваньня вобразу новай Беларусі тысячы людзей. Кожны грамадзянін можа стаць заснавальнікам Банку. Для гэтага патрэбна прапанаваць нейкую ідэю, якая б паляпшала становішча ў той ці іншай сфэры жыцьця беларускага грамадзтва.

Адным зь першых удзельнікаў праекту стаў былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў, паводле якога патрэбныя неадкладныя зьмены ў нацыянальнай сыстэме адукацыі:

(Паўлаў: ) “Сёньня разбухаюць сілавыя структуры і ў гэты ж час кажуць, што не хапае грошай на адукацыю. Гэта сьведчыць пра тое, што цяперашняя ўлада няправільна распараджаецца нашымі сродкамі. Таму што, калі запытаць 1000 чалавек, то зь іх амаль 100% скажа, што лепш даць адукацыю дзецям. Але цяперашняя ўлада, узурпаваўшы гэтае права, насычае сілавыя структуры”.
XS
SM
MD
LG