Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Ганчар патрабуе тлумачэньняў ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў


Алесь Дашчынскі, Менск Зінаіда Ганчар зьвярнулася з адкрытым лістом да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Салаўёва з просьбай патлумачыць сэнс заявы, якую ён зрабіў падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках удзелу дэпутацкай дэлегацыі ў працы асамблеі Міжпарлямэнцкага саюзу ў Жэнэве.

Анатоль Салаўёў заявіў, што справа зьніклага апазыцыянэра Віктара Ганчара, маўляў, цягам шасьці гадоў разглядаецца ў камітэце. Сябры камітэту ў правох чалавека задаволены, што справа трымаецца на пастаянным кантролі. “На дадзены момант пракуратура Менску зноў узнавіла сьледзтва ў гэтай справе, зьявіліся новыя абставіны. Таму гэта было адзначана як станоўчая рыса”, – заявіў дэпутат Салаўёў.

Нагадаем, Анатоль Салаўёў мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і званьне палкоўніка міліцыі. Ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў некалькіх скліканьняў. Зінаіда Ганчар неаднаразова зьвярталася да спадара Салаўёва з просьбай падняць пытаньне аб расьсьледаваньні справы зьнікненьня Віктара Ганчара. Дагэтуль,Зінаіда Ганчар не атрымала ніякага адказу ад спадара Салаўёва. Інфармацыю аб тым, што у Палаце прадстаўнікоў, нібыта, трымаюць на кантролі гэтую справу палітычнага зьнікненьня, Зінаіда Ганчар лічыць ілжывай і дзіўнай.

(Ганчар: ) “Тыя факты, якія ён агучвае, проста не адпавядаюць сапраўднасьці. Насамрэч, справа Віктара і не прыпынялася цягам двух гадоў. Адразу ж пасьля яго заявы я патэлефанавала сьледчаму пракуратуры, які сказаў, што ніякіх новых абставінаў у справе не зьяўлялася і ён ніяк ня можа камэнтаваць заявы Салаўёва”.

Сьледчы таксама сказаў, што ніводзін з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не дапушчаны да справы і адкуль яны бяруць падобную інфармацыю, невядома.

Чаму ж зрабіў такую заяву дэпутат Анатоль Салаўёў? Зінаіда Ганчар лічыць, што гэта, відаць, адбываецца ня першы раз, бо дэпутаты хочуць выглядаць прыстойна ў міжнародных структурах.

(Ганчар: ) “Прыкрываючы сваю баязьлівасьць і бязьдзейнасьць, яны робяць такія заявы. Гэта мякка кажучы, не зусім прыстойна афіцэру казаць яўную няпраўду”.

Зінаідзе Ганчар пакуль не ўдалося пагутарыць з дэпутатам Салаўёвым, які знаходзіцца дзесьці ў сваёй акрузе ў Гомельскай вобласьці. Але яна спадзяецца, што званьне палкоўніка міліцыі вымагае ад яго праўдзівых тлумачэньняў і адказу на яе ліст.

Яна лічыць, што дэпутатам недаравальна спэкуляваць імем Віктара Ганчара і горам ягонай сям’і. Зінаіда Ганчар таксама зьвярнулася зь лістом да кіраўніцтва Міжпарлямэнцкага саюзу, дзе просіць пацікавіцца ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якім жа чынам яны кантралююць справу Віктара Ганчара, які зьнік шэсьць гадоў таму.
XS
SM
MD
LG