Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ўлады прынялі адстаўку амбасадара ў Беларусі Т.Паўляка


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня позна ўвечары, каля 19.00 паводле менскага часу, у Міністэрстве замежных справаў Польшчы нашаму радыё афіцыйна пацьвердзілі, што адстаўка амбасадара Польшчы ў Беларусі Тадэвуша Паўляка прынятая і ў хуткім часе будзе вядомае імя ягонага наступніка.

Прэсавы сакратар польскага МЗС Аляксандар Хэцька заявіў нашаму радыё, што нягледзячы на надзвычайную занятасьць і ўдзел у паседжаньні ўраду, міністар замежных справаў Польшчы Стэфан Мэлер знайшоў час, каб прыняць рашэньне ў справе Тадэвуша Паўляка:

(Хэцька: ) “Толькі што міністар замежных справаў паведаміў мне, што зьвернецца да прэзыдэнта з просьбай адклікаць амбасадара Паўляка зь Беларусі. Пакуль не вядома, хто яго заменіць, але я думаю што рашэньне ў справе кандыдатуры будзе хутка прынятае”.

Хаця прызначэньне новага амбасадара, справа даволі доўгая, паводле ягоных словам, гэтым разам усё павінна быць зроблена больш хутка. Чаму?

Яшчэ ў панядзелак у Брусэлі Стэфан Мэлер заявіў, што польскі МЗС паспрабуе зрабіць усё, каб пытаньні, зьвязаныя з польскім амбасадарам у Менску, былі вырашаныя як мага хутчэй.

Прадстаўнік Польшчы ў Эўразьвязе Зьбігнеў Гняткоўскі, які ўчора суправаджаў Мэлера ў часе сустрэчы Рады Эўразьвязу ў Брусэлі сказаў Радыё Свабода:

(Гняткоўскі: ) “Чаму так хутка? Бо міністар адназначна заявіў: Беларусь – гэта для нас важная краіна, і трэба хутка прызначыць там амбасадара”.

МЗС заяўляе, што Тадэвуш Паўляк адкліканы “па ўласным жаданьні” і не падае ніякіх падрабязнасьцяў. Аднак паводле некаторых назіральнікаў, на рашэньне Тадэвуша Паўляка пайсьці ў адстаўку маглі мець уплыў шматлікія крытычныя артыкулы ў польскай прэсе на ягоны адрас, дзе пасла крытыкавалі за тое, што ён працуе неэфэктыўна, засяроджваецца на кантактах з афіцыйнымі асобамі, ігнаруючы апазыцыю і грамадзкія арганізацыі.

Акрамя гэтага, паведамляецца, што кампэтэнтнасьць Паўляка ня вельмі добра ацэньваюць новыя польскія ўлады, а на дадатак апошнім часам выбухнуў канфлікт паміж паслом і другім сакратаром пасольства Анджэем Чухрытам. Чухрыта абвінаваціў Паўляка ў бязьдзейнасьці і на знак пратэсту падаў у адстаўку, а амбасадар заявіў, што другі сакратар папросту дрэнна выконвае свае абавязкі.

Між тым былы намесьнік амбасадара Польчшы ў Беларусі Марэк Буцька лічыць, што адстаўка Тадэвуша Паўляка, гэта першы крок да зьмены палітыкі Польшчы ў дачыненьні да Беларусі.
XS
SM
MD
LG