Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўка амбасадара Польшчы зьвязаная з кампаніяй супраць яго ў польскіх СМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск Амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк накіраваў у Міністэрства замежных справаў сваёй краіны заяву аб адстаўцы. Сам амбасадар ня хоча называць прычыны гэтага кроку. Польскія мэдыі сьцьвярджаюць, што адстаўка амбасадара стала вынікам сэрыі публікацыяў, у якіх Тадэвуш Паўляк абвінавачваўся ў частых кантактах зь беларускімі ўладамі і фактычным ігнараваньні апазыцыі і грамадзкіх арганізацыяў.

Сёньня цягам дня я спрабаваў зьвязацца з Тадэвушам Паўлякам, каб атрымаць камэнтар з нагоды ягонай заявы аб адстаўцы, але безвынікова. Пасьля прэсавая сакратарка польскай амбасады ў Менску Моніка Садкоўская сказала, што спадар амбасадар ня будзе асабіста называць прычыны гэтага свайго кроку. Разам з тым, Тадэвуш Паўляк папрасіў спадарыню Садкоўскую перадаць наступнае:

(Садкоўская: ) “Было выказваньне нашага міністра замежных справаў спадара Мэлера ў гэтай справе — што гэта справа асабістага характару. Ці, як сказаў спадар міністар, — інцыдэнт пэрсанальнага характару. І сёньня павінна быць прынятае рашэньне, ці будзе прынятая просьба аб адстаўцы спадара амбасадара”.

Тым часам польская прэса піша, што адстаўка амбасадара ў Менску зьвязаная з сэрыяй публікацыяў пра тое, што Тадэвуш Паўляк зашмат увагі надаваў кантактам зь беларускімі ўладамі і мала кантактаваў з апазыцыяй і грамадзкімі арганізацыямі. “Gazeta wyborcza” да гэтага дадае, што зьвязаны зь левымі амбасадар ня меў належнай падтрымкі ў новай кіроўнай камандзе.

Прэсавая сакратарка польскай амбасады ў Менску Моніка Садкоўская працягвае:

(Садкоўская: ) “Спадар амбасадар сказаў, што чуткі пра кампанію ў польскіх мэдыях небеспадстаўныя. І ягонае рашэньне ў пэўным сэнсе зьвязанае з кампаніяй у польскіх мэдыях”.

Самі прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацыяў нічога кепскага аб працы Тадэвуша Паўляка сказаць ня могуць. Гаворыць прэсавы сакратар не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пісальнік:

(Пісальнік: ) “Нельга сказаць, што мы не адчувалі падтрымкі з боку амбасадара. Такая падтрымка была. Прычым была яна яшчэ да таго, як пачалі адбывацца найбольш драматычныя падзеі. Мы нават атрымалі ад яго афіцыйны ліст падтрымкі, які быў вельмі важны ў той момант, калі ўжо пачынаўся прэсінг. Гэта было вельмі важна для згуртаваньня вакол дэмакратычна абраных уладаў Саюзу палякаў”.

Пры гэтым спадар Пісальнік назваў палітыку польскага МЗС непасьлядоўнай: спачатку Тадэвуш Паўляк быў адкліканы ў Варшаву на кансультацыі, а потым, не дачакаўшыся паляпшэньня сытуацыі вакол Саюзу палякаў, польскі амбасадар зноў вярнуўся ў Менск. Але Анджэй Пісальнік ня бачыць у гэтым асабістай віны Тадэвуша Паўляка.
XS
SM
MD
LG