Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі працягваюцца пагромы


Сьвятлана Курс, Прага Маладзёны-імігранты да сьмерці зьбілі 61-гадовага мужчыну ў прадмесьці францускай сталіцы. За 12 сутак пагромаў спаленыя каля 5 тысяч аўтамабіляў, разьбітыя крамы, школы, фірмы і нават сацыяльныя цэнтры. Што выклікала такі гнеў імігрантаў з Афрыкі? На пытаньне адказваюць францускія й расейскія экспэрты.

Групы маладых імігрантаў выходзяць на вуліцы ўночы, разьбіваюць і падпальваюць машыны й будынкі. Бунты ахапілі прадмесьці каля 300 гарадоў. Учора дайшло да першай ахвяры – маладзёны да сьмерці зьбілі 61-гадовага мужчыну, каб бесьперашкодна падпаліць будынак. Марылю Ямпольскі, экспэрт Парыскай недзяржаўнай арганізацыі SOS Racisme, гаворыць, што карані праблемы – даволі глыбока.

(Ямпольскі: ) "Сьмерці двух маладзёнаў у прадмесьці Парыжу вызначыла высокі напал падзеяў. Але азіраючыся назад, мы бачым, што ўзровень напружанасьці быў вельмі высокі і да трагедыі. Людзі глыбока прыгнечаныя сваім жыцьцём у бедных прадмесьцях. Ім цяжка знайсьці працу або прыстойную кватэру, цяжка выбрацца з гета”.

Імігранцкія сем’і з Афрыкі сяліліся ў бедных прадмесьцях у 1950-60-х і працавалі чорнарабочымі. Іхныя дзеці, ужо грамадзяне Францыі, кажуць, што ім цяжка падняцца па сацыяльна-эканамічнай лесьвіцы. Дасьледаваньні паказалі, што працадаўцы ўхіляюцца ад найму жыхароў прадмесьця, бо лічаць іх людзьмі з адхіленьнямі ў паводзінах. У многіх прадмесьцях да 20-30% беспрацоўных, хаця ў цэлым па краіне – 10%. Сярод моладзі ад 15 да 25-ці беспрацоўе складае 20%. Марылю Ямпольскі кажа, што другая праблема – расізм францускага грамадзтва

(Ямпольскі: ) “Калі ў вас цёмны колер скуры, да вас у Францыі усюды будуць ставіцца прадузята – і пры арэндзе кватэры, і пры найме на працу, і нават у начным клюбе. Калі ж вы мурын або араб і жывяце ў прадмесьці, дыскрымінацыя падвойваецца і жыцьцё здасца вам невыносным”.

Маскоўскі соцыяпсыхоляг Ольга Махоўская – аўтар параўнальнага дасьледаваньня адаптацыі дзяцей імігрантаў у ЗША, Расеі й Францыі, кажа:

(Махоўская: ) “Ёсьць арыстакратычныя раёны, а ёсьць прадмесьці. Там жывуць вельмі скучана. Мы рэдка пабачым францускіх падлеткаў, якія разам гуляюць па вуліцах. Ёсьць стандарт выхаваньня – дзеці павінны быць пад наглядам бацькоў. Магрэбенскія дзеці – безнаглядныя. Яны ня любяць французаў за іх снабізм, арыстакратызм, любоў да адукацыі. Яны лічаць, што французы мяккацелыя, няўпэўненыя ў сабе, што гэта вырачаная нацыя, і толькі яны – тая сьвежая кроў, якая паслужыць абнаўленьню нацыі ў цэлым”.

Францускія праграмы адаптацыі імігрантаў маюць быць перагледжаныя на ўзор амэрыканскіх, калі адаптацыя тычыцца ня толькі дзяцей, але ўсёй сям’і, – лічаць спэцыялісты. Але гэта доўгатэрміновая праграма.

Застаецца пытаньне – як вярнуць мір у Францыю цяпер, неадкладна? Урад дазволіў мэрам прадмесьцяў уводзіць камэнданцкі час, арыштаваныя 330 маладзёнаў, але сытуацыя застаецца напружанай.
XS
SM
MD
LG