Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава нацыяналізавала цэлюлёзны камбінат


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат вярнуўся ў дзяржаўную ўласнасьць. У статутным капітале прадпрыемства доля дзяржавы павялічана з 47% амаль да 76%.

Цэлюлёзна-кардонны камбінат у Сьветлагорску адным зь першых зьведаў беларускую прыватызацыю. У акцыянэрнае таварыства ён быў ператвораны ў 1994 годзе. А нядаўна тут праведзена эмісія на 17 зь лішкам мільярдаў рублёў. Дадаткова выпушчана амаль 1,5 мільёна акцыяў. Як вынік, доля дзяржавы ў статутным капітале камбінату павысілася ледзь не да 76%. Адпаведна зьменшылася доля іншых акцыянэраў камбінату. Да прыкладу, тры расейскія кампаніі, якія супольна мелі каля 40% акцыяў прадпрыемства, цяпер валодаюць толькі 18%. Больш як на палову зьменшылася доля фізычных асобаў, у ліку якіх рабочыя камбінату.

(Рабочы: ) “Нас не пыталі, забралі акцыі — і ўсё. Сказалі, што дзяржава бярэ прадпрыемства пад свой кантроль. Яна дапаможа будаўніцтву другой чаргі камбінату. Таму і забралі нашы акцыі. Будуць надалей працягваць камандаваць намі, мы сталі рабамі. Начальнік захоча — пакіне нас на працы, захоча — выганіць”, — кажа адзін з рабочых камбінату.

Вярнуць кантрольны пакет акцыяў прадпрыемства ва ўласнасьць дзяржавы запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня камбінату ў чэрвені 2003 году. Гэта стала галоўнаю падставай выдзяленьня бюджэтных сродкаў на заканчэньне будаўніцтва другой чаргі вытворчасьці нябеленай цэлюлёзы.

Як паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара камбінату Валеры Раманенка, інвэстыцыі ў выглядзе бюджэтнай пазыкі атрыманы яшчэ летась. Прыкладна празь месяц на камбінаце плянуюць запусьціць новую вытворчасьць па выпуску нябеленай цэлюлёзы. Праўда, магутнасьць другой чаргі складзе каля 10 тысяч тон цэлюлёзы на год — у пяць разоў меней, чымсьці плянавалася раней. Проста на новых плошчах арганізоўваецца яшчэ лесапільная вытворчасьць дзеля выпуску піламатэрыялаў.
XS
SM
MD
LG