Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якімі мэтамі спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Ірану наведаў Беларусь?


Валер Каліноўскі, Менск 7—8 лістапада зь візытам у Менску знаходзіўся намесьнік міністра замежных справаў Ірану Мэхдзі Сафары. У Беларусі ён меў асаблівыя паўнамоцтвы ад прэзыдэнта Ірану і правёў сустрэчы з кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктарам Шэйманам, кіраўнікамі Міністэрства замежных справаў і прамысловасьці Беларусі.

Мэхдзі Сафары зьяўляецца намесьнікам міністра замежных справаў Ірану па краінах СНД, Афрыкі, Азіі і Акіяніі. Але падчас сустрэчы зь першым намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Васілём Пугачовым спадар Сафары пакрэсьліў, што ў гэтай паездцы ён зьяўляецца спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадынэджада.

(Сафары: ) “Пасьля сустрэчы лідэраў Ірану і Беларусі ў Нью-Ёрку прэзыдэнт Ахмадынэджад распарадзіўся, каб усе дамоўленасьці, дасягнутыя падчас гэтай сустрэчы, з іранскага боку вельмі пасьлядоўна былі рэалізаваныя”.

Стасункі паміж Іранам і Беларусьсю ў гандлёва-эканамічнай і палітычнай галінах Мэхдзі Сафары назваў “ідэальнымі”.

Першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Васіль Пугачоў у сваю чаргу заявіў пра тое, што афіцыйны Менск падтрымлівае тэндэнцыю канструктыўнага супрацоўніцтва з Іранам, і гатовы абмяркоўваць усе пытаньні, якія выклікаюць узаемны інтарэс.

Мэхдзі Сафары сёньня таксама правёў перамовы з кіраўніком адміністрацыі А.Лукашэнкі Віктарам Шэйманам і міністрам прамысловасьці Анатолем Русецкім. Паводле паведамленьня МЗС Беларусі, цяпер “беларускі і іранскі бакі практычна ня маюць рознагалосьсяў у асноўных пытаньнях міжнароднага парадку дня”.

На думку менскага палітоляга Аляксея Караля, такая заява МЗС Беларусі выглядае дзіўнай пасьля выказваньня прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадынэджада наконт патрэбы “сьцерці з мапы сьвету Ізраіль”. Беларусь, які і іншыя краіны сьвету, у тым ліку Расея, павінна была б выказаць сваю ацэнку гэтай заявы, перакананы Аляксей Кароль.

(Кароль: ) “Безумоўна, гэта няправільная палітыка: Беларусі трэба было адрэагаваць хаця б дзеля захаваньня дыпляматычнага твару ў вачах сьвету. У Ізраілі пражывае шмат выхадцаў зь Беларусі, і такое маўчаньне, і такія кантакты з краінай, афіцыйная асоба якой заяўляе аб тым, што неабходна сьцерці Ізраіль з твару зямлі, не паспрыяюць міжнароднаму аўтарытэту Беларусі і сувязям зь беларускай дыяспарай у Ізраілі”.

Аляксей Кароль зазначае, што беларуская замежная палітыка цяпер у значнай ступені будуецца на кантактах з аўтарытарнымі антыамэрыканскімі рэжымамі, паколькі з краінамі Эўропы кантакты ў афіцыйнага Менску вельмі абмежаваныя.

У сакавіку 1998 году А.Лукашэнка наведваў з афіцыйным візытам Іран, а ў верасьні 2004 году ў Беларусі зь візытам пабываў былы прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі. Новы прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадынэджад быў адным зь нешматлікіх замежных лідэраў, з кім А.Лукашэнка ў верасьні гэтага году сустракаўся падчас юбілейнага саміту ААН у Нью-Ёрку. Летась таваразварот паміж Беларусьсю і Іранам склаў каля 38 мільёнаў даляраў ЗША. У Іране арганізаваная зборка аўтамабіляў МАЗ, а цяпер абмяркоўваецца пытаньне аб зборцы трактароў МТЗ. У Беларусі вучыцца каля 300 іранскіх студэнтаў.
XS
SM
MD
LG