Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будынак на вуліцы Гандлёвай павінен быць зьнесены да 1 сьнежня


Ганна Соусь, Менск Будаўнікі ўжо разабралі амаль увесь дах дому. Наша карэспандэнтка сёньня наведала будаўнічую пляцоўку на вуліцы Гандлёвай, а таксама пацікавілася, чаму не адбываюцца заяўленыя прадстаўнікамі грамадзкасьці акцыі ў абарону гістарычна-культурнай спадчыны Менску.

На будынку №27 па вуліцы Гандлёвай ужо фактычна няма даху. Зь мінулага тыдня будаўнікі разьбіраюць дом па цаглінах.

Як паведамілі Радыё Свабода рабочыя будаўнічага трэсту №4, якія працуюць на гэтым аб’екце, ім загадана цалкам зьнесьці дом да 1 сьнежня.

Я запыталася ў будаўнікоў, ці цікавіцца хто-небудзь лёсам будынку, паколькі на мінулым тыдні меркавалася, што тут будуць ладзіцца пікеты ў абарону архітэктурнага помніку 19 стагодзьдзя.

(Карэспандэнтка: ) “Хто-небудзь прыходзіць?”

(Будаўнік: ) “Няма нікога. Прыходзілі журналісты”.

(Будаўнік: ) “У нас будаўніцтва, мы грошы зарабляем”.

(Будаўнік: ) “Яны крычаць, што трэба пакінуць, а будынак у аварыйным стане. Пачынаеш біць яго, калупнеш — і цагліны падаюць. Гэты будынак бурыцца і наноў будуецца”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ёсьць сэнс яго рэстаўраваць?”

(Будаўнік: ) “Ён у аварыйным стане. Калі мы прыбярэм жалезную арматуру, ён абваліцца”.

Будаўнік Мікалай паказвае мне праект пабудовы на гэтым месцы духоўна-адукацыйнага цэнтру Беларускай праваслаўнай царквы, і кажа, што будаўніцтва разьлічанае на пяць гадоў.

Уладзімер Папруга, які два гады працаваў дзяржаўным інспэктарам у ахове гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму, ня згодны з тым, што будынак №27 на вуліцы Гандлёвай не падлягае рэстаўрацыі.

(Папруга: ) “Мы практычна на тыя самыя граблі наступаем з кожным аб’ектам на працягу 50—60 гадоў. Мы да кожнага новага аб’екту падыходзім з чыстага аркуша. Нібыта не было ранейшай гісторыі, не было гэтых праблемаў з рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй”.

Адным з удзельнікаў пікету ў абарону будынку на вуліцы Гандлёвай на мінулым тыдні быў сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч. Я запыталася ў яго, чаму прадстаўнікі грамадзкасьці аказаліся ня здольныя наладзіць штодзённае пікетаваньне, каб абараніць архітэктурны помнік ад разбурэньня?

(Вайцюшкевіч: ) “Вельмі сумнае пытаньне вы задаяце. Гэта такая беларуская праблема, мне здаецца. Гэта — нашая праблема, абсалютна беларуская. Нават ня польская і не расейская. Камэнтаваць гэта цяжка вельмі і прыкра”.

Будынак №27 на вуліцы Гандлёвай быў пабудаваны ў 19 стагодзьдзі. Спачатку гэта быў жылы дом, фасад якога ўпрыгожвалі бальконы з унікальнымі ажурнымі парэнчамі з чыгуну. Потым там месьціўся інтэрнат журфаку. У гады студэнцтва там жыў Алесь Адамовіч.

Дом №27 на Гандлёвай вуліцы — апошні, які захаваўся на схіле ад Верхняга да Ніжняга рынкаў Менску дасавецкага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG