Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польская прэса піша пра магчымыя санкцыі Эўропы супраць Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава «Эўразьвяз пагражае санкцыямі», «Польчша вызначае палітыку Эўразьвязу ў дачыненьях зь Беларусьсю» - такія загалоўкі маюць у сёньняшніх польскіх газэтах матэрыялы пра ўчорашняе рашэньне міністраў замежных справаў 25 краінаў аб''яднанай Эўропы ў справе Беларусі.

«Рашэньне аб увядзеньні новых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека, у тым ліку за перасьлед актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, можа быць прынятае ўжо ў студзені наступнага году, калі беларускія ўлады ня зьменяць сваё стаўленьне да недзяржаўных арганізацыяў», - піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае, што і абмеркаваньне беларускага пытаньня і прыняцьцё Радай Эўразьвязу даволі жорсткай рэзалюцыі, у якой утрымліваецца канкрэтны тэрмін увядзеньня санкцыяў, адбылося дзякуючы намаганьням польскіх дыпляматаў.

«Эўразьвяз будзе цяпер вельмі пільна прыглядацца да таго, што адбываецца ў Беларусі і ў студзені паставіць кропку над «і», - цытуе «Wyborcza” словы новага міністра замежных справаў Польчшы Стэфана Мэлера, які змог пераканаць сваіх эўразьвязаўскіх калегаў у слушнасьці польскай пазыцыі.

У сваю чаргу “Rzeczpospolita” адзначае, што польскія дыпляматы на пачатку дамагаліся, каб візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў былы ўведзеныя неадкладна, аднак, пасьля абмеркаваньня, было вырашана прыняць кампраміснае рашэньне, гэта значыць даць афіцыйнаму Менску тэрмін да студзеня наступнага году.

Польскі штодзёньнік зьвяртае ўвагу таксама на тое, што асобам, якія могуць апынуцца ў эўразьвязаўскім сьпісе, паграже таксама замарожваньне рахункаў у банках усіх 25 краінаў аб’яднанай Эўропы.

“Краіны Эўразьвязу падзяляюць і разумеюць занепакоенасьць Польшчы сытуацыяй у Беларусі і чым бліжэй краіна да Беларусі, тым гэтае разуменьне больш выразнае”, - “Rzeczpospolita” цытуе іншае выказваньне кіраўніка МЗС Польшчы Стэфана Мэллера.

Штодзёньнік адзначае, што санкцыі Эўразьвязу будуць тычыцца выключна беларускіх чыноўнікаў і што Брусэль ня мае намеру неяк пагаршаць сытуацыю звычайных грамадзянаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG