Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Россыпы” канадыйскага беларуса Кастуся Акулы выдадзеныя ў Беларусі


Валянціна Аксак, Менск Вядомы беларускі пісьменьнік Кастусь Акула жыве ў канадыйскім горадзе Таронта. Том ягоных выбраных твораў “Россыпы” толькі што зьявіўся ў недзяржаўным беларускім выдавецтве “Логвінаў”.

Кастусь Акула — пісьменьнік, які ўвасабляе цэлую эпоху ў гісторыі беларускае нацыі. Гаворыць дасьледчык прозы беларускага замежжа старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Гэта чалавек, які па-мастацку асэнсаваў жыцьцё заходнебеларускага краю, гэта чалавек, які змог узьняцца над ліхалецьцямі, бедамі, жалем, і пакінуў узоры выкшталцонай сатыры, камэдыі. Наагул Кастусь Акула мне бачыцца ўвасабленьнем мастацкага летапісца”.

У выдадзеную на бацькаўшчыне кнігу выбраных твораў Кастуся Акулы ўвайшлі біяграфічныя зацемкі “Россыпы”, якія далі назоў кнізе, а таксама раман “Змагарныя дарогі”, прысьвечаны падзеям другой усясьветнай вайны, у якой аўтар удзельнічаў у складзе 8-й Брытанскай арміі. Галоўныя героі кнігі — беларуская моладзь, якая ў жорсткіх ваенных умовах хацела дамагчыся адраджэньня незалежнасьці сваёй радзімы. Лейтматыў раману зноў зрабіўся надзённым у Беларусі, кажа Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Змагарныя дарогі” — гэта кніга, якая сымбалізуе шлях беларускай моладзі, шлях наагул беларускай нацыі да дзяржавы Беларусі, і зьяўляецца ўзорам шчырасьці, адданасьці беларускай ідэі, беларускай справе. І сваёй праўдай, сваёй адкрытай шчырасьцю якраз і падкупляе і знаходзіць попыт, знаходзіць свайго чытача”.

Упершыню ў Беларусі асобнай кнігай раман “Змагарныя дарогі” выйшаў у 1994 годзе ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” і адразу ж заняў верхнія пазыцыі ў кніжным рэйтынгу, які праводзіла газэта “Наша Ніва”. Шасьцітысячны наклад раману быў вельмі хутка раскуплены, і ў выдавецтва паступалі заяўкі на перавыданьне, аднак новая ўлада зьмяніла выдавецкую палітыку ў дачыненьні да пісьменьнікаў беларускага замежжа. Яны самі і іхныя творы сталі непажаданымі для ўладаў, але не для чытачоў і калегаў на радзіме. Кастусь Акула зьяўляецца ганаровым сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру і ляўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча. Алесь Пашкевіч верыць, што неўзабаве літаратура беларускага замежжа стане неаддымнай часткай агульнанацыянальнае літаратуры.

(Пашкевіч: ) “Хочацца верыць, што не за гарамі той час, калі, да прыкладу, як і ў суседняй Расеі, беларускай літаратурнай эміграцыі нададуць годнае, пачэснае званьне, літаратурная эміграцыя вернецца на радзіму ў шматтысячных накладах кнігаў, а ў сталіцы Беларусі адкрыецца музэй беларускай эміграцыі”.
XS
SM
MD
LG