Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую мэдычную дапамогу атрымліваюць у Беларусі зьняволеныя?


Любоў Лунёва, Менск Сёньня са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйшла намесьніца лідэра грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Эніра Браніцкая. Яе, а таксама лідэра арганізацыі Міколу Астрэйку і яго намесьніка Аляксандра Бондарава суд Цэнтральнага раёну пакараў арыштам на 15 сутак за арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі ўстаноўчага сходу. Гарадзкі суд часткова задаволіў скаргу адвакаткі Браніцкай і скараціў тэрмін зьняволеньня на 5 сутак. Эніра хворая на язву страўніка. 10 сутак яна правяла за кратамі без дыетычнага харчаваньня. Наш карэспандэнт высьвятляла, як хворыя людзі, што знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, атрымліваюць мэдычную дапамогу.

Эніру Браніцкую затрымалі ў суботу 29 кастрычніка. У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку Эніра паведаміла міліцыянтам, што ў яе моцна баліць страўнік. Дзяўчыне выклікалі “хуткую дапамогу” і адвезьлі ў шпіталь. Там яе агледзеў дзяжурны ўрач і даў міліцыянтам даведку: пацыентка мае хранічнае захворваньне – язву страўніка. Мэдык напісаў заключэньне – дзяўчына можа знаходзіцца ў спэцпрыёмніку. Адвакат Вера Страмкоўская ў судзе заявіла, што да такіх заключэньняў трэба ставіцца крытычна, бо мэдык мусіць толькі зрабіць абсьледаваньне чалавека і паставіць дыягназ. Астатняе не ягоная кампэтэнцыя. Але судзьдзя праігнаравала гэты аргумэнт і арыштавала Эніру на 15 сутак. Гарадзкі суд не адмяніў рашэньня раённага, а толькі скараціў тэрмін зьняволеньня да 10 сутак.

Два гады таму сябру моладзевага руху “Зубар” Тацьцяну Ялавую за ўдзел у апазыцыйнай акцыі Цэнтральны суд пакараў арыштам на 10 сутак. Там ад пераахаладжэньня ў дзяўчыны з’явіўся фурункул, падвысілася тэмпэратура. Некалькі сутак яе сябры прасілі адміністрацыю выклікаць “хуткую”. Калі ўрач, які працуе ў спэцпрыёмніку, нарэшце пагадзіўся, то дзяўчыну ў выніку адразу з камэры павезьлі на апэрацыйны стол. Цімафея Дранчука двойчы з камэры забіралі ў шпіталь. Ён паведаміў Радыё Свабода, што моладзь абураная дзеяньнямі мэдыкаў, якія не аказалі дапамогу Эніры.

(Дранчук:) “У маіх двух выпадках да мяне паставіліся выключна добра. Аказалі неабходную дапамогу і пакінулі ў шпіталі на той час, які быў неабходны, каб я вылячыў сваю хваробу. У выпадку з Энірай урач адправіў яе на нары, улічваючы, што ў яе было абвастрэньне хваробы. Я лічу, што гэтыя дзеяньні можна назваць як мінімум некампэтэнтнымі. Калі ўлічыць, што ўрач даваў клятву Гіпакрата, то сытуацыя абсалютна незразумелая.”

Людзі, якія адбываюць арышт, у выпадку пагаршэньня здароўя могуць разьлічваць на тое, што адміністрацыя выклікае ім “хуткую дапамогу”. Мэдыкі будуць вырашаць пытаньне: шпіталізаваць чалавека ці – не? Іншая справа з людзьмі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі. Адвакаты кажуць, што толькі ў выпадку рэзкага пагаршэньня здароўя “зэка” накіруюць у мэдсанчастку. Там працуюць розныя спэцыялісты, але, натуральна, гэта не ўзровень клінічнага шпіталя. “Зэкі” ня могуць разьлічваць на высокакваліфікаваную дапамогу. У пацьверджаньне сваіх словаў юрысты ўзгадваюць сытуацыі, у якія траплялі Міхаіл Марыніч, Юры Бандажэўскі, Васіль Лявонаў, Андрэй Клімаў і Валеры Леванеўскі. Апроч таго, з-за перапоўненасьці сьледчых ізалятараў і турмаў там часта ўзьнікаюць эпідэміі скураных інфэкцыйных захворваньняў. Лячэньне традыцыйнае – зялёнка. На час эпідэміі – каранцін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG