Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры гады таму АМОН пачаў штурм лягеру абаронцаў Курапатаў


Ганна Соўсь, Менск Амаль два месяцы моладзь супраціўлялася пашырэньню Менскай кальцавой дарогі праз урочышча-мэмарыял. Але на наступны дзень пасьля дзяржаўнага адзначэньня дня бальшавіцкага перавароту ўлады пачалі вырашаць праблему сілавым чынам – задзейнічалі АМАП, пусьцілі бульдозэры на крыжы... У той дзень дзясяткі абаронцаў Курапатаў былі затрыманыя і зьбітыя. Непасрэдным сьведкам тых ужо далёкіх падзеяў была нашая карэспандэнтка Ганна Соусь, якая ад пачатку вахты памяці 24 верасьня фактычна штодня выходзіла ў жывы эфір з Курапатаў.

Абаронцы чакалі наступу на Курапаты. І тое, што паўтары месяцы карэспандэнт Свабоды штовечар выходзіў у жывы эфір з Курапатаў, гэтаксама было невыпадкова. І ў той памятны вечар усё, што адбывалася ў Курапатах, гучала ў жывым эфіры Радыё Свабода.

Нагадаю, пасьля таго як 24 верасьня 2001 году абаронцы Курапатаў спынілі будаўнічыя работы ва ўрочышчы, было вырашана правесьці дадатковыя археалягічныя раскопкі, каб праверыць, ці ёсьць у межах кальцавой дарогі магілы. Археолягі інстытуту гісторыі тады не знайшлі іх. Меркавалася, што парэшткі людзей былі вывезеныя з гэтага месца яшчэ пры будаўніцтве кальцавой дарогі ў 70-ыя гады. Такім чынам, абаронцы Курапатаў разумелі: улады хутка пачнуць дзейнічаць, каб працягнуць будаўніцтва дарогі.

Дадам цікавую акалічнасьць. За дзень да наступу 7 кастрычніка ў лягер абаронцаў Курапатаў прыходзілі п’яныя хлопцы, якія спрабавалі распачаць бойку. І на наступны дзень увечары да валанцёраў падыйшлі міліцыянты і заявілі: у лесе знойдзены забіты хлопец, і таму адсюль трэба сыходзіць, каб не перашкаджаць сьледзству. Але ўжо праз некалькі хвілінаў пра нібыта знойдзенае цела ніхто не згадваў, і да абаронцаў зьвярнуўся намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну Яўген Абакунчык. Вось фрагмэнт з рэпартажу з Курапатаў 4-гадовай даўніны.

(Абакунчык: ) “Калі вы цягам 10 хвілінаў не прыбярэце адсюль усе, што перашкаджае правядзеньню будаўнічых работ, мы прымем меры прымусовага характару. Час пайшоў…”

(Абаронца Курапатаў: ) “Калі мы не прыбярэм, то што?”

(Абакунчык: ) “Ёсьць адміністрацыйная адказнасьць за пікетаваньне”.

(Соусь: ) “На той момант у Курапатах ужо знаходзілася некалькі соцень міліцыянтаў. Да ўрочышча падагналі будаўнічую тэхніку. Празь дзесяць хвілінаў будаўнікі пачалі прыбіраць крыжы. Адразу за імі ехалі бульдозэры. Тады ў Курапатах было ўсяго зь дзясятак валанцёраў. Многія былі ў разгубленасьці. Дзяўчына Каця проста плакала.

(Каця: ) “Як яны маглі гэта зрабіць? Не разумею. Як у іх хапіла сумленьня. Няўжо яны не разумеюць, што тут людзі пахаваныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Што да маіх уласных уражаньняў, то дагэтуль у мяне перад вачыма стаіць, як людзі ў цывільным зьбівалі абаронцаў, якія закрывалі сабой крыжы, як амапаўцы разбурылі валанцёрскі намёт, як усіх нас труцілі сьлезацечным газам, як мастака Рыгора Кійко кінулі тварам у бруд і зьбівалі дубінкамі па пятках, як людзі выходзілі ланцугом на дарогу і крычалі “Жыве Беларусь”. Я дагэтуль памятаю гэты гук, калі бульдозэры валілі крыжы…

Радыё Свабода ўдалося зьвязацца з колішнім лідэрам “Маладога Фронту” Паўлам Севярынцам, які цяпер адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі”, працуючы на лесапілцы ў вёсцы Малая Сітна, што ў некалькіх кілямэтрах ад расейскай мяжы. Павал добра памятае, як усю ноч з 8 па 9 лістапада абаронцы Курапатаў рабілі і ўсталёўвалі новыя крыжы.

(Севярынец: ) “Памятаю, якім шокам было для амапаўцаў і будаўнікоў зьяўленьне крыжоў за гэтую ноч. Яны думалі, што ўсіх разагналі і ўсё што можна ўжо пабурылі, але вось тут з першым сьвітанкам на Курапатах ізноў крыжы. І для мяне самога гэта адно з самых моцных уражаньняў за ўсё жыцьцё. Затрымлівалі мяне ўжо на раніцу, калі пачалі разганяць абаронцаў другі раз. Засыпалі пяском ня толькі крыжы, але і людзей, якія станавіліся на калені, маліліся. Вельмі балюча было на гэта ўсё глядзець. Гэта стаіць усё перад вачыма дагэтуль. Гэта была вельмі вялікая школа. 8 месяцаў з ахвярнымі людзьмі, якія поплеч, 8 месяцаў ці ўначы ці ў сцюжу на ўскрайку гораду перад небясьпекай. Гэта добра гартуе. Я лічу, што ўсе, хто прайшоў курапацкую вахту, гэта байцы, на якіх можна пакласьціся ў любой сытуацыі”.

Гэта былі ўспаміны колішняга лідэра “Маладога Фронту” Паўла Севярынца пра падзеі ў Курапатах 8 і 9 лістапада 2001 году. Павал адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі” на Віцебшчыне ў вёсцы Малая Сітна за арганізацыю вулічных дэманстрацый на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году.

Больш падрабязна пра падзеі ў Курапатах 8, 9 лістапада 2001 году, а таксама пра лёсы абаронцаў урочышча слухайце ў нашым вечаровым эфіры сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG