Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Украінскія нацыяналістыя знайшлі апошнім часам новы аб’ект сваей “вэлыко-дэржавныцькой” акцыі — братнюю Беларусь"


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 7 лістапада.

“Заря Запада”, 1925 год:

“У Маскве 4 лістапада адкрылася ўсесаюзная нарада ў пытаньнях рацыяналізацыі вытворчасьці, скліканая ВСНХ СССР. Ва ўступнай прамове т.Дзяржынскі ўказаў, што паколькі мы не прыцягнулі ў прамысловасьць заходніх тэхнічных дасягненьняў, мы ня здолеем задаволіць запатрабаваньняў насельніцтва, якія растуць. Мы павінны навучыцца тым дасягненьням, якія маюцца ў нашых ворагаў. Калі гэтага ня будзе, нашы ворагі нас раздушаць, бо мы ізаляваныя ў сусьветнай гаспадарцы. У гэтых адносінах пасяджэньне, як пачатак кампаніі за навучаньне, павінна адыграць надзвычайную ролю”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“Украінскія нацыяналістыя з пад знаку бандэраўшчыны знайшлі апошнім часам новы аб’ект сваей “вэлыко-дэржавныцькой” акцыі — братнюю Беларусь. Галоўнымі правадырамі гэтае акцыі — украінскімі бандэраўцамі на чале з сваім часопісам у Канадзе “Гомін Украіны”. Наагул Канада й ЗША сталіся цэнтрам гэтай падкопнай работы супраць Беларусаў, відаць, таму, што якраз у гэтых краінах згуртавалася бальшыня Беларусаў-палешукоў на эміграцыі, якія зьяўляюцца канкрэтным довадам усей недарэчнасьці цьверджаньняў некаторых украінскіх “філялёгаў” аб украінскасьці Палесься”.

“Знамя юности”, 1975 год:

“Самы вялікі ў краіне тканы габэлен створаны рукамі ткачых Барысаўскага камбінату прыкладнога мастацтва мастацкага фонду БССР. Ён упрыгожвае фае новага вучэбнага корпусу Менскай музычнай вучэльні імя М.Глінкі. Мастацкае палатно, прысьвечанае гісторыі музыкі, займае плошчу шэсьцьдзесят дзевяць квадратных мэтраў. Створаны габэлен паводле малюнка мастака Аляксандра Кішчанкі пад кіраўніцтвам галоўнага мастака камбінату Генадзя Таркунова… Барысаўскія майстрыхі ўпрыгожаць сваімі велічнымі габэленамі залі многіх грамадзкіх будынкаў Беларусі. Цяпер барысаўцы рыхтуюцца да працы над двума вялікімі палотнамі “Ленінізм” і “Савецкі Саюз”. Малюнкі для іх рыхтуюць народны мастак БССР Міхаіл Савіцкі і мастак Аляксандар Кішчанка”.
XS
SM
MD
LG