Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Джэк Стро: Эўропа можа замарозіць рахункі беларускіх чыноўнікаў


Віталь Цыганкоў, Прага На сёньняшняй сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў выніку гадзіннага абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі была прынятая сумесная заява. У ёй падкрэсьліваецца, што калі прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць непразрыстымі і несвабоднымі, калі на іх ня будуць дапушчаныя міжнародныя назіральнікі, тады сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, будзе пашыраны. Міністры таксама заявілі пра гатовасьць “прыняць дадатковыя абмежавальныя захады”, у тым ліку замарожваньне банкаўскіх рахункаў канкрэтных асобаў.

Як паведаміла камісар Эўрапейскай камісіі ў справах замежнай палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр, гэта магло б быць, прыкладам, пашырэньне колькасьці асобаў, якім забаронены уезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу, альбо замарожваньне банкаўскіх рахункаў канкрэтных асобаў.

Міністры замежных справаў разглядалі магчымасьць прыняцьця больш жорсткіх крокаў у дачыненьні да афіцыйнага Менску. Падкрэсьлівалася, што калі прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць непразрыстыя і несвабодныя, тады сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, будзе пашыраны.

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро, які вёў сёньняшняе паседжаньне сказаў:

(Стро: ) “У выпадку няздольнасьці выконваць міжнародныя стандарты, праект рэзалюцыі прадугледжвае такія захады, як замарожваньне рахункаў і візавая забарона для адпаведных асобаў”.

Камісар Эўрапейскай камісіі ў справах замежнай палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, аднак, што магчымыя санкцыі супраць асобных беларускіх чыноўнікаў не павінны кранаць эканоміку краіны. “Вельмі важна не рабіць крокі, якія могуць пагоршыць жыцьцё насельніцтва” – сказала Фэрэра-Вальднэр.

(Фэрэра-Вальднэр: ) "Мы маем вялікую заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі і ўціскам на дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасьць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Мы ў Камісіі хацелі б сканцэнтраваць нашую дапамогу адмыслова для грамадзянскай супольнасьці і мэдыяў. І гэта тое, што мы пачалі рабіць".

Іншы брусэльскі чыноўнік, які згадзіўся гаварыць з нашым карэспандэнтам на ўмовах ананімнасьці, заявіў, што становішча ў Беларусі цяпер зьяўляецца галоўнай зьнешнепалітычнай праблемай Эўразьвязу. Гэты чыноўнік таксама сказаў, што перамяшчэньне Беларусі на высокае месца ў сьпісе праблемаў Эўразьвязу адбылося дзякуючы брытанскаму старшынёўству ў Зьвязе.

Гл. таксама • Эўрапейскія міністры гадзіну абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі • Камісар Эўразьвязу папярэджвае афіцыйны Менск • Эўракамісія ўздыме беларускае пытаньне ў Маскве
XS
SM
MD
LG