Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалт у Францыі: удзельнікі пратэстаў абстралялі паліцыянтаў


Юрась Бушлякоў, Прага Беспарадкі на вуліцах францускіх гарадоў у ноч на панядзелак дасягнулі піку. Упершыню ўдзельнікі пратэстаў ужылі агнястрэльную зброю: на поўдні Парыжу, у прымесьці Грыньі, былі абстраляныя паліцыянты. Жорсткія сутычкі здарыліся таксама ў Арлеане, Рэне й Нанце. У Тулюзе паліцыя змушаная была скарыстаць для разгону пратэстоўцаў сьлезацечны газ.

Паведамлена таксама пра першую сьмерць ахвяры вулічнага гвалту: сёньня памёр пажылы мужчына, моцна зьбіты ў пятніцу ў паўночным прымесьці Парыжу.

У варунках разгулу гвалту прафсаюз францускіх паліцыянтаў зьвярнуўся сёньня да ўраду з ініцыятываю ўвесьці ў ахопленых беспарадкамі рэгіёнах камэнданцкую гадзіну, а таксама выклікаць на дапамогу армію.

Нарастае ціск на кіраўніцтва краіны – французы чакаюць больш эфэктыўнага навядзеньня парадку. Напярэдадні прэзыдэнт Францыі Жак Шырак запэўніў, што ўсе вінаватыя ва ўчыненьні гвалту будуць арыштаваныя й пастаўленыя перад судом. Паводле Шырака, для выйсьця з крызісу патрэбныя “ўзаемапавага, справядлівасьць і роўнасьць”.

Гвалт выбухнуў 27 кастрычніка ў прымесьці Парыжу, дзе жывуць пераважна выхадцы з афрыканскіх краінаў. Беспасярэдняй прычынаю беспарадкаў стала сьмерць двух падлеткаў: яны загінулі ад удару токам, схаваўшыся ад паліцыі ў трансфарматарнай падстанцыі. Паступова хваляваньні пашырыліся на ўсю Францыю. Апошнімі выходнымі сутычкі перакінуліся й на вуліцы францускай сталіцы: некалькі аўтамабіляў былі зьнішчаныя паблізу парыскага пляцу Рэспублікі. Упершыню за 11 дзён хваляваньняў былі ўчыненыя напады на касьцёлы – у Лянсе на поўначы краіны і ў Сэтэ на поўдні.

Акты гвалту рэзка асудзіў Саюз ісламскіх арганізацыяў Францыі – выдадзеная ім фатва забараняе мусульманам удзельнічаць у актах, скіраваных супраць прыватнай або грамадзкай маёмасьці. Як чакаецца, сёньня ўвечары ўрад Францыі аб''явіць новы плян дзеяньняў для нармалізацыі сытуацыі.

Гл. таксама • Беларуская парыжанка Вірджынія Шыманец расказвае пра падзеі ў Парыжы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG