Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысяча чалавек марна чакалі А.Лукашэнку ля ўваходу на новую станцыю мэтро


Алег Грузьдзіловіч, Менск 7 лістапада ў Менску пачалі працаваць тры новыя станцыі мэтро, якія будавалі дзевяць гадоў. Адкрываць станцыі прыехаў Аляксандар Лукашэнка, а каля тысячы менчукоў, якія прыйшлі паназіраць за цырымоніяй, ва ўрачыстасьцях удзельнічаць не змаглі.

Густы туман не сапсаваў настрою сотням менчукоў, якія сёньня раніцай сабраліся ля ўваходу на станцыю мэтро “Каменная горка” ў мікрараёне Кунцаўшчына. Тут мусіла адбыцца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам з нагоды адкрыцьця трох новых станцый мэтро.

Некаторыя прыехалі на загад свайго начальства. Гэтых людзей можна было распазнаць па афіцыйных сьцяжках і каляровых паветраных шарыках у руках. Іх папярэдзілі, што Аляксандар Лукашэнка перад спускам пад зямлю можа выйсьці “пагаварыць з народам”.

Аднак тых, хто чакаў прэзыдэнта ля станцыі “Каменная горка”, напаткала расчараваньне — Аляксандар Лукашэнка да іх не падышоў. Крыніцы ў міліцыі кажуць, што перашкодзіў туман, які сапсаваў агляд снайпэрам, разьмешчаным на дахах высотных дамоў вакол станцыі “Каменная горка”.

Як вынік, “Мэрсэдэс” кіраўніка дзяржавы спыніўся ля працілеглага ўваходу на станцыю, дзе людзей не было. Асноўныя ўрачыстасьці адбываліся пад зямлёй.

А менскаму студэнту Андрэю, як і сотням іншых ля станцыі “Каменная горка”, заставалася яшчэ дзьве гадзіны чакаць, калі дзьверы мэтро расчыняць.

(Андрэй: ) “Таксама прыйшоў, думаў паглядзець на нашага любімага прэзыдэнта, але ўбачыў яго толькі са ста мэтраў на некалькі сэкундаў. Ён зьнік у мэтро і адтуль зьехаў. Атрымалася, дарэмна мы тут прастаялі. Я расчараваны”.

Безумоўна, ня ўсе былі пакрыўджаныя. Некаторыя з маіх суразмоўцаў гатовыя былі дараваць Аляксандру Лукашэнку сваё расчараваньне.

(Спадарыня: ) “Мы спадзяваліся ўбачыць прэзыдэнта, паслухаць яго. Ну, нічога, што не пачуем. Цяпер пачакаем, зойдзем у мэтро, пракацімся. Вось і будзе сьвята”.

Прэзыдэнцкі лімузін ад станцыі “Каменная горка” ад’ехаў, а пэнсіянэр Іван Канстанцінаў, абапіраючыся на кіёк, усё стаяў на адрамантаваных ходніках. Іван Канстанцінаў жыве ў доме насупраць. Кажа, што чакаў адкрыцьця станцыі, як ніхто, бо для інваліда мэтро — што ўласны аўтамабіль. Але Іван Канстанцінаў разборлівы ў выбары тых, каму ён мусіць дзякаваць за падарунак.

(Канстанцінаў: ) “Мы з жонкай пэнсіянэры. Мы кажам, што гэта добра, што такое робіцца. Але нельга казаць, што ўсё гэта робіцца дзякуючы аднаму чалавеку. Вось ў чым праблема”.

Адкрытыя сёньня станцыі “Спартовая” (плянаваная назва "Ракаўская"), “Кунцаўшчына” і “Каменная горка” будавалі ажно дзевяць гадоў і ўсяго да канца дагэтуль не зрабілі. Адзін з падземных пераходаў ля станцыі “Кунцаўшчына” яшчэ не пабудаваны. Шэрыя сьцены гэтага пераходу замаскавалі туямі, каб ня кідалася ў вочы, што працы не завершаныя. Дарэчы, на капаньні катлавану для гэтага пераходу напачатку восені загінуў будаўнік. Тады будоўля вялася аўральнымі тэмпамі, плянавалі адкрыць працяг лініі ў Дзень гораду, які адзначалі 11 верасьня. У заплянаванай тады цырымоніі значная роля аддавалася мэру Менску Міхаілу Паўлаву. Але адкрыцьцё паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі перанесьлі на 7 лістапада.

Новыя станцыі менскага мэтро маюць шэраг тэхнічных навінак. Гэта ліфты для інвалідаў і людзей сталага веку, падагрэў лесьвіцаў пераходаў, сучасная сыстэма вэнтыляцыі. Выкарыстана і новая сыстэма відэаназіраньня. Сытуацыю на трох станцыях будуць кантраляваць 90 відэакамэраў, што непараўнальна больш,чым на астатніх станцыях абедзьвюх лініяў.
XS
SM
MD
LG