Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: “Аб’яднаньне Беларусі і Расеі ўсё бліжэй”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня “Gazeta Wyborcza” зьмяшчае вялікі артыкул “Аб’яднаньне Беларусі і Расеі ўсё бліжэй”, у якім аўтар – прафэсар гісторыі Апольскага і выкладчык Уроцлаўскага унівэрсітэтаў Мікола Іваноў піша пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі – падрыхтоўку да выбараў і ўладаў і апазыцыі, а таксама пра ролю ў беларуска-расейскіх дачыненьнях Паўла Барадзіна.

“Беларусы застаюцца адным зь нешматлікіх народаў у Эўропе, які надалей паддаецца ўласным фобіям, комплексам і недахопам. Адзін зь іх, які дае магчымасьць Аляксандру Лукашэнку трымацца пры ўладзе гэта беларуская талерантнасьць... Пераадоленьне гэтага комплексу, пераадоленьне перакананьня, што любая перамена прывядзе толькі да горшага – гэта адна з найбольш цяжкіх задачаў беларускай дэмакратычныай апазыцыі”, - піша “Wyborcza”.

Польскі штодзённік апісвае падрыхтоўку да выбараў у штабе агульнага кандыдата ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, падкрэсьліваючы, што ён што да зьмены ўлады з’яўляецца прыхільнікам хутчэй мэтадаў Вацлава Гавэла, чым Віктара Юшчанкі.

“Лукашэнка спрабуе рабіць выгляд, што пачатак выбарчай кампаніі апазыцыі яго не непакоіць, але ў Крамлі за сытуацыяй у Беларусі сочаць больш уважліва. Беларусь – гэта сярод поставецкіх краінаў адзіны рэальны кандыдат на ўдзел у адбудове імпэрыі. Расея Пуціна патрабуе хаця б сымбалічнага посьпеху ў аб’яднаньні, які паказаў бы, што імпэрыя адбудоўваецца і вернецца да колішняй велічы. У сваю чаргу Лукашэнка разумее, што без цесных сувязяў з Расеяй ягоны ізаяляваны і неэфэктыўны ў гаспадарчым сэнсе рэжым доўга не пратрымаецца”, -- адзначе “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік піша, што на ўсе гэтыя праблемы рэцэпт мае Павал Барадзін – сакратар гэтак званага Зьвязу Беларусі і Расеі і, як адзначае, “Wyborcza”, чалавек, якога ў карупцыі і фінасавых махінацыях абвінавачвалі пракуратуры ЗША і Швэйцарыі, а ў Беларусі ўлады ўзнагародзілі ордэнам Скарыны.

“Гэта просты рэцэпт: хуткае аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву і ўхвала новай канстытуцыі новай дзяржавы, якая дазваляла б Пуціну застацца на пасадзе прэзыдэнта прынамсі да 2013 году, а Лукашэнку, адпаведна, заняць пасаду віцэ-апрэзыдэнта” , -- піша газэта.

Польскі штодзёньнік падкрэсьлівае вялікае значэньне ў беларуска-расйескіх дачыненьнях менавіта асобы Барадзіна, які лічыць, што ўзорам для новай беларуска-расейскай дзяржавы павінна быць беларуская палітычная мадэль, бо “славянскім народам заўсёды быў патрэбны цар”.

“Wyborcza” піша, што ў Беларусі няма ўплывовых палітычных сілаў, якія б выступалі супраць інтэграцыі з Расеяй, бо грамадзкасьць успрымае такую інтэграцыю “цалкам натуральна”. Таму, паводле газэты, супраць наўрад ці будзе выступаць і адзіны кандыдат ад апазыцыі.

“Белаускія дэмакраты могуць заатакаваць перадусім непасрэдных выканаўцаў пляну інтэграцыі, тандэм - Лукашэнка-Барадзін. Барадзін – адзін са шчодрых спонсараў менскага рэжыму, адкрыта выступае за ўвядзеньне аўтарытарнага рэжыму ў новай беларуска-расейскай дзяржаве і тут поле для манэўру мае апазыцыя. Сэрыя артыкулаў пра Барадзіна ўжо з’явілася ў беларускай незалежнай прэсе. А без гэтага чалавека шансы Лукашэнкі ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, паменшацца”, падсумоўвае “Gazeta Wyborcza”.
XS
SM
MD
LG