Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

7 лістапада нарадзіўся паэт Міхась Чарот


RFE/RL Каляндар Свабоды

Сьпярша – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

6 лістапада 1796 году памерла расейская імпэратрыца Кацярына ІІ, якая адыграла прыкметную ролю ў гісторыі Беларусі, а менавіта – далучыла беларускія землі да Расеі. Каляніяльнае становішча краіны працягнулася амаль 200 гадоў, пакуль у 1991 годзе Беларусь зноў стала незалежнай.

6 лістапада 1883 году прыйшоў на сьвет Язэп Лёсік – адзін з цэнтральных дзеячоў беларускага адраджэньня. Лёсік нарадзіўся ў Мікалаеўшчыне пад Стоўбцамі. Удзельнічаў у абвешчаньні БНР, быў рэдактарам газэт “Вольная Беларусь” і “Беларусь”, стаў акадэмікам і старшынём Тэрміналягічнай камісіі. Выдаў некалькі мовазнаўчых кніг, пісаў мастацкую прозу. Язэп Лёсік быў двойчы рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі – у 1930-м і ў 38-м гадах. Загінуў у 1940 годзе ў ГУЛАГу.

Таксама 6 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі палітык і пэдагог Радаслаў Астроўскі і мовазнавец Язэп Воўк-Левановіч.

А яшчэ 6 лістапада ў розныя гады нарадзіліся людзі, чые імёны сёньня на слыху ва ўсіх. Гэта бэльгіец, вынаходнік саксафону Адольф Сакс і амэрыканскі журналіст Чарлз Генры Доў, які пісаў на эканамічныя тэмы і імя якога стала назваю паказьніка рынкавай кан’юнктуры – індэксу Доў-Джонса.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

7 лістапада ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі.

7 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які збудаваў палац-рэзыдэнцыю ўсіх віленскіх кіраўнікоў – ад Напалеона і графа Мураўёва да сёньняшняга прэзыдэнта Літвы; паэт Міхась Чарот, найбольш вядомы паэмаю «Босыя на вогнішчы» і футбаліст зорнага складу Менскага «Дынама» Сяргей Алейнікаў.
XS
SM
MD
LG