Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Салігорску да помніка Леніну прынесьлі вянок з калючага дроту


Любоў Лунёва, Менск Некалькі маладых хлопцаў з розных палітычных рухаў усклалі да помніка Леніну вянок з калючага дроту з жалобнымі стужкамі. Чатырох юнакоў затрымалі міліцыянты, але пратаколу не складалі. Вянок пакінулі сабе, а хлопцаў адпусьцілі.

Вянок з калючага дроту ўскладалі некалькі чалавек. На жалобных стужках было напісана: “Ахвярам таталітарных рэжымаў 1917—1991 і 1994—2005 гадоў”. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра БНФ Паўла Батуева, сябра руху “Маладыя дэмакраты” Дзяніса Карнова, сябра АГП Уладзімера Лемеша і сябра БРСМ Аляксея Валабуева. Сябар БНФ Павал Батуеў патлумачыў мэту акцыі:

(Батуеў: ) “Мы папросту хацелі выказаць свой пратэст супраць таго, што дзяржава ідэалёгію і гэтае сьвята навязвае нам. Мы лічым, што насамрэч гэта ня сьвята, а трагедыя для нашай краіны. Менавіта з гэтай мэтай прысутнічаў там калючы дрот як сымбаль таталітарнай дзяржавы. Мы лічым, што гады таталітарызму былі з 1917 да 1991, а з 1994 году пачаўся новы этап таталітарнага рэжыму ў Беларусі. Спадзяемся, што ў 2006 годзе ён скончыца. Таму менавіта гэтыя даты мы напісалі на вянку”.

Моладзевая акцыя выклікала неадназначную рэакцыю з боку мінакоў. Некаторыя кінуліся бараніць хлопцаў. А адзін чалавек сталага ўзросту прасіў міліцыянтаў пакараць апазыцыянэраў. Гаворыць сябра руху “Маладыя дэмакраты” Ўладзімер Лемеш:

(Лемеш: ) “Мы, моладзь Салігорску, паказалі сваё стаўленьне да таталітарнага рэжыму. Наша акцыя выклікала неадназначную рэакцыю з боку жыхароў гораду. Нас кінуліся бараніць ад міліцыянтаў, але адзін чалавек сталага ўзросту пачаў крычаць, што гэта ўсё Пазьняк вінаваты. Салігорск, як вядома, горад шахтараў. Сюды прыехала шмат народу з Уралу і з Поўначы. Яны памятаюць, як у часы рэпрэсіяў на Поўнач на шахты прывозілі людзей”.

Міліцыянты доўгі час раіліся з кіраўніцтвам, што рабіць з затрыманымі. Нарэшце хлопцам паведамілі, што іх адпускаюць, але вянок з калючага дроту пакінуць сабе. Міліцыянты спаслаліся на тое, што да помніка Леніну яго ўжо ўскладалі. Сябар БРСМ Аляксей Валабуеў абурыўся. Ён нагадаў міліцыянтам, што каля аддзелу міліцыі яшчэ ёсьць помнік Дзяржынскаму. Пасьля гэтага міліцыянты склалі адпаведны акт: цяпер вянок захоўваецца ў міліцэйскім пастарунку.

У Салігорску апазыцыйная моладзь з розных палітычных рухаў вырашыла ўсе акцыі ладзіць сумесна. Яны паведамілі, што найбліжэйшым часам правядуць шэраг іншых імпрэзаў.
XS
SM
MD
LG