Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лістапада застаецца чырвонай датай толькі для Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня чарговая гадавіна кастрычніцкага перавароту. Як адзначаюць яе ў Беларусі, Расеі, Украіне? Дзе і чаму яна найбольш шануецца?

На сёньня ў Менску заплянавана цырымонія адкрыцьця трох новых станцый менскага мэтро – “Спартовая”, “Кунцаўшчына” і “Каменная горка”. У палацы культуры чыгуначнікаў адбудзецца ўрачысты сход і сьвяточны канцэрт. Гэта афіцыйныя імпрэзы. Сябры апазыцыйнай партыі камуністаў Беларускай падавалі заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзеньне дэманстрацыі. Аднак гарадзкія ўлады адмовілі і запрапанвалі правесьці мітынг на плошчы Бангалёр, але пры гэтым вымагалі заплаціць грошы шасьці гарадзкім установам. Таму сябры ПКБ вырашылі абмежавацца ўскладаньнем кветак да помніка Леніна. Паводле актывіста ПКБ Сяргея Вазьняка, улады такім чынам зрываюць апазыцыйнае шэсьце ўжо ня першы год.

(Вазьняк: ) “Любая актывізацыя людзей, якая не санкцыянавана дзяржаўнай уладай, выклікае ва ўлады апасеньне і падазрэньне. Таму тут гаворка не пра 7 лістапада. Проста гэта прыватны прыклад у агульнай схеме падаўленьня грамадзкіх ініцыятываў”.

Вядомы культуроляг Вацлаў Арэшка 7 лістапда не сьвяткуе, ён у гэты дзень прынцыпова працуе. Але чаму, на яго погляд, у Беларусі шануецца дзень кастрычніцкага перавароту?

(Арэшка: ) “Наш рэжым увесь час падкрэсьлівае сваю пераемнасьць савецкага рэжыма. Тыя традыцыі, якія захаваліся ад савецкага хацеў бы выкарыстаць дзеля сябе. А потым такімі псэўдасьвятамі замазаць тыя беларускія сьвяты, якія б мы хацелі адзначаць – і тыя ж Дзяды, якія зараз перасталі быць дзяржаўным днём, Дзень незалежнасьці, перамогі пад Воршай і ўсё астатняе. Таму гэта спроба пабудаваць на старым, з савецкага, свой імідж. Большасьць людзей зараз не зьвяртае ўвагі на такія сьвяты як на сьвяты, гэта выходны дзень ці нават для кагосьці там нагода выпіць”.

Пэўны час 7 лістапада ў Беларусі не адзначалася. Як жа вярнулася гэтае сьвята?

Нагадаем, напрыканцы 1991 года Станіслаў Шушкевіч падпісаў закон Рэспублікі Беларусь аб сьвяточных днях. Ім было ўстаноўлена 13 сьвяточных (непрацоўных) дзён. Многія яшчэ памятаюць, што згодна з гэтым законам адзначаўся другі дзень Вялікадня і Дзень памяці 2-га лістапада. 7 лістапада ў гэтым законе адсутнічала. Таму гэты дзень ня быў сьвяточным да 1995 года, калі Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб вяртаньні дня кастрычніцкага перавароту. Пазьней гэта было замацавана указам прэзыдэнта, які вызначыў што і калі павінен сьвяткаваць народ Беларусі. 7 лістапада цяпер з’яўляецца “агульнарэспубліканскім, сьвяточным, непрацоўным днём”. А вось дзень памяці (Дзяды) і другі дзень Вялікадня, паводле указу Лукашэнкі, сталі працоўнымі днямі.

А ці з’яўляецца сьвяточным днём 7 лістапада ва Ўкраіне і Расеі?

Паводле палітоляга з Кіева Ігара Сямівалоса, ва Ўкраіне гэта працоўны дзень і ён не з’яўляецца сьвяточным.

(Сямівалос: ) “Відавочна, што ў нас 7 лістапада разглядаюць як сьвята камуністы і розныя так званыя левыя сілы – альбо прарасейскія альбо іншыя левыя, маргінальныя, радыкальныя групы. Сёньня камуністы і прыхільнікі розных прарасейскіх альбо левых сіл паспрабуюць, як гэта было раней, зрабіць сэрыю правакацый, каб згуляць карту процістаяньня, прыцягнуць да сябе ўвагу мэдыяў перад парляманцкімі выбарамі”.

У Расеі 7 лістапада – гэта памятная дата, такая ж, як, да прыкладу, дзень касманаўтыкі. Ён лічыцца працоўным днём. Меркаваньне старшыні Маскоўскай Гэльсынскай групы Людмілы Аляксеевай.

(Аляксеева: ) “Ніякай тугі па тым, што адмянілі 7 лістапада ў мяне няма, таму што кастрычніцкая рэвалюцыя, кастрычніцкі пераварот былі вялікім няшчасьцем у нашай краіне. Калі краіна пайшла ў бок ад агульнаэўрапейскага шляху разьвіцьця. І на гэтым вельмі многа згубіла, і гэта адбіваецца і цяпер на нашым жыцьці і яшчэ доўга будзе адбівацца. Таму 7 лістапада я ніколькі не шкадую”.

(Карэспандэнт: ) “А як Людміла Аляксеева ставіцца да таго, што ў Беларусі гэта сьвяточны, выходны дзень?”

(Аляксеева: ) “У вас бацька вызначае, калі якое сьвята будзе. Ну, значыць, яму люба 7 лістапада”.
XS
SM
MD
LG